Купалаўскія чытанні ў сёмы раз пройдуць у Мінску

Падчас мерапрыемства намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Дапкюнас і кіраўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў і прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый прачытаюць урыўкі з цыкла грамадска-патрыятычнай лірыкі Янкі Купалы.
Sputnik

МІНСК, 22 лют – Sputnik. Урачыстае мерапрыемства "Чытаем Купалу разам" пройдзе ў Міністэрстве замежных спраў 27 лютага, пра гэта паведаміў сёння журналістам начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі — прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык, паведамляе карэспандэнт Sputnik.

Кіраўнікі дыпмісій прачыталі вершы беларускіх класікаў да Дня роднай мовы

Чытанні, прымеркаваныя да Міжнароднага дня роднай мовы, які свет адзначыў 21 лютага, арганізуюць Міністэрства замежных спраў сумесна з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы. Традыцыйныя чытанні адбудуцца ўжо ў сёмы раз.

"Мы не хацелі, каб гэта вельмі важная падстава і гэта мерапрыемства, якое ўжо стала элементам фірменнага стылю МЗС, страцілася на фоне значных міжнародных падзей, якія прайшлі ў Мінску 21 лютага і працягваюцца сёння. Таму разам з музеем і калегамі — замежнымі дыпламатамі — мы вырашылі правесці яго некалькі пазней", — адзначыў Дзмітрый Мірончык.

Падчас мерапрыемства намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Дапкюнас і кіраўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў і прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый прачытаюць урыўкі з цыкла грамадска-патрыятычнай лірыкі Янкі Купалы, створанага 100 гадоў таму.

Дзмітрый Мірончык таксама адзначыў, што 2018 год абвешчаны Годам малой радзімы. "На выставе "Для Бацькаўшчыны" з фондаў купалаўскага музея будуць прадстаўлены работы вядомых беларускіх мастакоў, у якіх адлюстроўваюцца звязаныя з жыццём паэта месца і лад Янкі Купалы як прарока нацыянальнага адраджэння і народнага дыпламата, які творчасцю і грамадскай дзейнасцю спрыяў пашырэнню культурных сувязяў Беларусі з іншымі краінамі і які фактычна сфармуляваў асноўную задачу дыпламатыі Беларусі — займаць сваё годнае месца сярод народаў свету", — сказаў Дзмітрый Мірончык.