МІНСК, 27 лют — Sputnik. Прэзентацыя кнігі протадыякана Андрэя Гарбунова "Гісторыя праваслаўных храмаў г. Баранавічы" адбылася ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, паведамляе карэспандэнт Sputnik.
Па словах аўтара, кніга ўяўляе сабой кароткі нарыс гісторыі Праваслаўнай Царквы ў Баранавічах. Праца над ёй вялася на працягу 12 гадоў. Крыніцамі кнігі паслужылі матэрыялы з Баранавіцкага краязнаўчага музея, архіва Мінскай епархіі, кліравыя ведамасці цэркваў Навагрудскага павета з Нацыянальнага гістарычнага архіва, матэрыялы з Рускага дзяржаўнага гістарычнага архіва, а таксама шматлікія інтэрнэт-крыніцы.
У "Гісторыі праваслаўных храмаў г. Баранавічы" можна знайсці звесткі пра храмы, якія цяпер дзейнічаюць у горадзе, а таксама пра тыя, якія былі разбураны, і ў памяць пра іх захаваліся толькі нешматлікія фатаграфіі.
Баранавічы вядомыя не толькі як найважнейшы цэнтр чыгуначных зносін, але і як горад, у якім падчас Першай сусветнай вайны знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага. Асобнае месца ў кнізе знайшлося для апісання духоўнага жыцця Стаўкі.
Айцец Андрэй лічыць, што памяць аб гістарычных падзеях, што адбываліся ў Баранавічах, павінна быць ушанавана музеем, які ён уяўляе сабе ў выглядзе пары вагонаў чыгуначнага саставу, у якіх можна было б узнавіць атмасферу пачатку ХХ стагоддзя.
Якім памятаюць Магілёў часоў Стаўкі, чытайце на рускай версіі Sputnik >>
Адзін з раздзелаў кнігі прысвечаны Свята-Пакроўскаму храму, у якім вось ужо амаль 90 гадоў захоўваюцца ўнікальныя мазаікі, зробленыя лепшымі расійскімі майстрамі Сярэбранага стагоддзя. Яны патрапілі ў Баранавічы з Варшавы, дзе на пачатку ХХ стагоддзя быў пабудаваны, а затым усяго праз некалькі гадоў па-варварску разбураны Сабор Аляксандра Неўскага.
Як ратавалі мазаікі, чытайце на рускай версіі Sputnik >>
На шчасце, фрагменты мазаікі, выкананыя па эскізах знакамітых мастакоў таго часу Васняцова, Бруні і іншых, удалося захаваць, і цяпер яны з'яўляюцца часткай строя Свята-Пакроўскага храма.
На прэзентацыі кнігі протадыякан Андрэй Гарбуноў паказаў частку працы з гістарычным матэрыялам: у храме захоўваюцца фрагменты мазаікі, занадта маленькія, каб стаць самастойнымі элементамі строя. Айцец Андрэй размясціў іх здымкі на фатаграфіі сабора, якая захавалася, каб уявіць памеры страчанай фрэскі.
У канцы прэзентацыі па шматлікіх просьбах тых, хто сабраўся, айцец Андрэй выканаў некалькі рамансаў, а таксама песні на польскай і кітайскай мове.