МІНСК, 28 лют — Sputnik. Нацыянальная бібліятэка Беларусі сёння ўзнагародзіла прадстаўнікоў СМІ за асвятленне праекта "Кніжная спадчына Францыска Скарыны", карэспандэнт Sputnik Станіслаў Андросік атрымаў дыплом за цыкл матэрыялаў аб праекце.
Нацыянальная бібліятэка ў рамках 25-й міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу правяла ўзнагароджанне журналістаў, якія пісалі пра юбілей беларускага кнігадрукавання. Пры гэтым не праводзіўся які-небудзь конкурс, дыпламанты былі адабраны спецыялістамі бібліятэкі на якаснай аснове.
Карэспандэнт Sputnik Станіслаў Андросік быў адзначаны падзякай за арыгінальны падыход у асвятленні праекта "Кніжная спадчына Францыска Скарыны", прысвечанага 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.
На працягу 2017 года Sputnik падрыхтаваў цэлы цыкл рэпартажаў, артыкулаў і сюжэтаў, у якіх распавядаецца пра спадчыну беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара Францыска Скарыны.
У 2017 годзе, калі святкавалася 500-годдзе беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання, пабачылі свет апошнія тамы факсімільнага выдання "Кніжная спадчына Францыска Скарыны", а праект па яго выпуску быў паспяхова завершаны.
Гэтая тэма стала галоўнай падчас прэзентацыі "500 гадоў беларускага кнігадрукавання: вынікі і дасягненні", якая прайшла сёння на цэнтральнай пляцоўцы Нацыянальнага стэнда Беларусі на кніжнай выставе.
У ходзе прэзентацыі і адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання дыпломамі журналістаў, якія, акрамя падзякі, атрымалі па факсімільнаму выданню "Буквар мовы славянскай", які пабачыў свет у Вільні ў 1767 годзе.