МІНСК, 28 лют – Sputnik. Адкрыццё літаратурнай студыі "Цэнтр Еўропы" адбудзецца ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Францыска Скарыны ў Полацку, паведамілі Sputnik у бібліятэцы.
Літаратурная студыя пры бібліятэцы стане сувязным звяном паміж творчымі літаратурнымі аб'яднаннямі Полацкага раёна. Па словах арганізатараў, яна стане ўнікальнай у сваім родзе, бо пакуль не мае аналагаў у Беларусі.
"Літаратурная студыя аб'яднае ўсю творчую эліту Полацка і будзе спрыяць папулярызацыі іх творчасці сярод жыхароў і гасцей горада", — паведамілі арганізатары і нагадалі, што многія творчыя людзі Полацка з хваляваннем чакалі гэтай падзеі.
Дзейнасць студыі, па словах арганізатараў, будзе непарыўна звязана з Міжнародным літаратурным фестывалем "Цэнтр Еўропы" і накіравана на стварэнне і ўмацаванне міжнародных сувязяў у галіне культуры і літаратуры.
У рамках цырымоніі адкрыцця літаратурнай студыі для ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства будзе прадстаўлена яе прэзентацыя і арганізаваны літаратурна-музычны вечар, падчас якога полацкія паэты і музыкі выканаюць свае музычна-паэтычныя нумары. Таксама на адкрыцці выступяць прадстаўнікі кіраўніцтва горада, полацкіх літаратурных аб'яднанняў і Полацкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.
Дзе: Цэнтральная раённая бібліятэка імя Ф. Скарыны (г. Полацк, вул. Гогаля, 15).
Калі: 2 сакавіка ў 12:00.