Вікторыя Азаранка вяртаецца ў тэніс пасля перапынку

Раней спартсменка атрымала wild card ад арганізатараў турніру: яна ўжо перамагала ў Індыян-Уэлсе ў 2012 і 2016 гадах.
Sputnik

МІНСК, 3 сак — Sputnik. Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка вяртаецца ў тэніс пасля доўгага перапынку, пра гэта яна паведаміла на сваёй старонцы ў сацсетках.

Спартсменка намякнула, што можа прыняць удзел у турніры WTA ў Індыян-Уэлсе, які пройдзе 7-18 сакавіка.

"Гэй, мы едзем да цябе, Paribas Open", — напісала яна ў сябе на старонцы.

На паведамленне адгукнулася прэс-служба турніру, паведаміўшы, што з нецярпеннем чакае сустрэчы.

Раней Азаранка атрымала wild card ад арганізатараў згаданага турніру. Дарэчы, тэнісістка ўжо перамагала ў Індыян-Уэлсе ў 2012 і 2016 гадах.

У апошні раз спартсменка выходзіла на корт на Ўімблдоне-2017, дзе прайграла Сымон Халеп ў матчы 1/8 фіналу. Палову мінулага і пачатак гэтага сезону ёй давялося прапусціць з-за судовых разглядаў з нагоды апекі над сынам з яго амерыканскім бацькам.

Пасля таго як ЗША зацвердзілі рашэнне беларускага суда аб прызнанні Азаранка асноўным апекуном, бацька дзіцяці падаў апеляцыю, падчас разгляду якой Вікторыя была вымушаная знаходзіцца ў Лос-Анджэлесе.