МІНСК, 13 сак — Sputnik. Расійская студыя "Саюзмультфільм" плануе прысвяціць усе новыя серыі анімацыйнага фільма "Прастаквашына" акцёру Алегу Табакову, які агучваў ката Матроскіна, заявіла старшыня праўлення студыі Юльяна Слашчава.
Народны артыст СССР Табакоў памёр у панядзелак на 83-м годзе жыцця ў Маскве пасля працяглай хваробы.
"Гэта незаменная страта, мы прысвяцім усе новыя серыі "Прастаквашына" памяці Табакова", — паведаміла Слашчава.
Прадстаўнік студыі таксама ўдакладніла, што ўсе новыя серыі "Прастаквашына" будуць утрымліваць адпаведны памятны надпіс.
"Саюзмультфільм" плануе зняць да 2020 года 30 серый пра ката Матроскіна, Дзядзьку Фёдара і Шарыка.
Класічныя мультфільмы па матывах аповесці Эдуарда Успенскага пра жыццё ў вёсцы Прастаквашына былі знятыя ў 80-х гадах мінулага стагоддзя: першы — "Трое з Прастаквашына" — выйшаў у 1978 годзе, "Канікулы ў Прастаквашына" — праз чатыры гады, апошні — "Зіма ў Прастаквашына" —у 1984-м.
У агучцы тых мультфільмаў акрамя Табакова прымалі ўдзел такія акцёры, як Леў Дураў (Шарык), Барыс Новікаў (паштальён Печкін) і Валянціна Талызіна (мама Дзядзькі Фёдара).