Простыя словы Міхала Анемпадыстава: сёння паэту споўнілася б 54 гады

Яго называюць стваральнікам нацыянальнай рок-паэзіі, а песні на вершы знакамітага творцы ведае ўся Беларусь. Міхал Анемпадыстаў памёр 24 снежня гэтага года, не дажыўшы да свайго 54-годдзя некалькі месяцаў.
Sputnik

Шырокай грамадскасці ён стаў вядомы напрыканцы 90-ых, як стваральнік і аўтар усіх тэкстаў песень музычнага праекта "Народны альбом", які доўгі час лічыўся музычнай візітоўкай Беларусі.

Паэт, мастак і настаўнік

Нарадзіўся Міхал Анемпадыстаў у Мінску, вучыўся ў сталічным мастацкім вучылішчы, быў удзельнікам гурта "Мастеровой". Доўгі час працаваў у галіне плаката, прыкладной і станковай графікі, уваходзіў у лік кіраўнікоў Беларускага саюза дызайнераў.

Па ўспамінах музыкі Лявона Вольскага, Анемпадыстаў быў вельмі сумленным чалавекам, на якога заўсёды можна было пакласціся.

"Быў іранічным і вясёлым. Зараз усе забываюцца, што ён быў таленавіты мастак і плакатыст, і жывапісец вельмі добры. Калісьці ён выстаўляўся ў Берліне, напачатку 90-х, і ўся выстава была раскупленая адразу", — узгадваў Вольскі ў размове на радыё Sputnik.

Ён таксама расказаў, што апошнія месяцы жыцця Міхал Анемпадыстаў прысвяціў асветніцкай дзейнасці, чытаў лекцыі па дызайну і каларыстыке і планаваў пачаць працу над музычна-паэтычным праектам "Марскі альбом", ідэя якога ўзнікла яшчэ ў 1997 годзе.

Галоўнае дасягненне жыцця — "Народны альбом"

"Народны альбом" запісалі ў 1997 годзе і за кароткі час праект ахрысцілі самым значным музычным праектам у найноўшай беларускай гісторыі. "Яго зрабілі сябры на чыстым энтузіязме", — гаварылі слухачы і крытыкі.

Сам Анемпадыстаў называў альбом галоўным дасягненнем свайго жыцця. Культавы музычны праект расказвае пра жыццё беларускага мястэчка ў час паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі.

Песні з "Народнага альбому" сталі сапраўднымі хітамі: "Простыя словы", "Край ты мой, край", "Кантрабандыст", "Паляўнічы ты мой, паляўнічы", трылогія пра Казіка і Юзіка і іншыя. Усяго 27 песень, якія спявалі знакамітыя беларускія музыкі — Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Вераніка Круглова, Кася Камоцкая, Аляксандр Памідораў (Крывашэеў).

Народны Альбом напярэдадні свайго дваццацігоддзя!>>

"Народны альбом" — гэта любоў. Не проста ж так на вокладцы сэрца. Гэта любоў да свайго і да тых цудаў, якія нясе ў сабе жыццё. Гэта альтэрнатыва нянавісці і жыццёвай пазіцыі, пабудаванай на адмаўленні. Мы хацелі вывесці людзей з дэпрэсіі і прапанаваць эмацыйную альтэрнатыву", — казаў Анемпадыстаў у адным з сваіх інтэрв'ю.

Самая незвычайная энцыклапедыя Беларусі

Зараз у краіне ідзе краудфандынгавая кампанія: аматары творчасці Анемпадыстава збіраюць грошы на выданне яго апошняй вялікай працы. Кніга "Колер Беларусі" расказвае пра гісторыю колераў, іх распаўсюджанне і сімвалічнае значэнне.

Першае выданне было надрукавана ў 2017 годзе, але лімітаваным тыражом, які хутка раскупілі.

У выданні, якое ўжо паспела атрымаць званне "самай незвычайнай энцыклапедыі Беларусі" — каля 120 фотаздымкаў. Арганізатары ўпэўненыя, што яно спадабаецца не толькі рэкламістам, дызайнерам, мастакам і архітэктарам, але і простым прыхільнікам беларускай гісторыі і культуры.