У ноч на сераду спынілася сэрца Міхала Анемпадыстава — вядомага беларускага мастака, паэта і дызайнера. Смерць з'явілася наступствам інсульту, што адбыўся позна ўвечары ў нядзелю, 21 студзеня. У шпіталь Анемпадыстава даставілі ў крытычным стане, амаль двое сутак ішло змаганне за ягонае жыцце, але ўратаваць артыста не ўдалося.
Шырокай грамадскасці Міхал Анемпадыстаў стаў вядомы напрыканцы 90-х, як стваральнік і аўтар амаль усіх тэкстаў песень супольнага музычнага праекту "Народны альбом", што напрыканцы тысячагоддзя стаўся ледзь не візітоўкай Беларусі. Але яшчэ раней, напрыканцы 80-х яго плакаты на надзённыя тэмы тых часоў прыцягвалі ўвагу.
"Ён быў вельмі надзейны чалавек, сумленны. Заўсёды можна было пакласціся на яго, калі нешта залежыла ад яго, дык ён усё рабіў. Быў іранічны, вясёлы. Зараз усе забываюцца, што ён быў таленавіты мастак і плакатыст, і жывапісец вельмі добры. Калісці ён выстаўляўся ў Берліне, напачатку 90-х, і ўся выстава была раскупленая адразу", — узгадвае Вольскі.
Апошнія месяцы жыцця Міхал Анемпадыстаў прысвяціў асветніцкай дзейнасці, чытаў лекцыі па дызайну і каларыстыке. Мусіла распачацца праца над новым музычна-паэтычным праектам "Марскі альбом", ідэя якога ўзнікла яшчэ ў 1997 годзе, літаральна пасля прэмьеры "Народнага альбому".
Рэдакцыя Sputnik Беларусь выказвае спачуванне родным, блізкім і сябрам Міхала Анемпадыстава.
Успамін Лявона Вольскага аб Міхале Анемпадыставе слухайце ў аўдыёзапісе радые Sputnik Беларусь.