Буслоў у Беларусі чакаюць з дня на дзень

Дрэннае надвор'е прымусіла птушак зрабіць часовы прыпынак у Заходняй Украіне.
Sputnik

МІНСК, 22 сак — Sputnik. Арнітолагі заклікаюць не ладзіць аблавы на белых буслоў, якія ляцелі з зімоўкі ў Беларусь і з-за непагадзі затрымаліся ў заходніх рэгіёнах Украіны, заявіла Sputnik у чацвер загадчыца лабараторыі арніталогіі Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ірына Самусенка.

Хутка вясна: першыя жаўрукі прыляцелі ў Беларусь

"Я салідарная з тымі ўкраінскімі калегамі, якія лічаць, што некампетэнтны, самадзейны ўдзел людзей у лёсе гэтых птушак толькі пашкодзіць. Не трэба ладзіць на птушак аблавы, карміць іх селядцом", — сказала арнітолаг.

Паводле яе слоў, такая "дапамога" прынясе больш шкоды, чым карысці.

Буслы досыць моцныя птушкі, яны маюць генетычную памяць і, як толькі дазволяць умовы надвор'я, працягнуць свой шлях.

"Мы разлічваем, як толькі снег пачне масава раставаць, яны прыляцяць у Беларусь. У гэтым годзе мы іх чакалі дзесьці 21-25 сакавіка", — сказала Самусенка.

Пры гэтым яна заявіла, што не бачыць катастрофы ў тым, што птушкам з-за маразоў і снегу прыйшлося зрабіць часовы прыпынак у Заходняй Украіне. Паводле яе слоў, буслы здольныя выжываць ва ўмовах зімовага надвор'я — у Мінску ўжо якую зіму запар недалёка ад заапарка зімуюць некалькі буслоў.

Амбіцыйныя арлы вяртаюцца з цёплых краін у Беларусь

Суразмоўца Sputnik сказала, што ў яе аптымістычны прагноз наконт вяртання беларускіх белых буслоў, якія ляцелі з выраю з Афрыкі і захраслі на Украіне.

Арнітолаг таксама распавяла, што буслы — не першыя з птушак, хто ўжо вярнуўся з выраю. "Ужо ў заходнія рэгіёны краіны прыляцелі гусі, кнігаўкі, да Мінска даляцелі першыя жаўрукі", — сказала яна.

Па словах Самусенкі, у красавіку ў Беларусь вернуцца ластаўкі, стрыжы, залатыя шчуркі.

Паранены бусел і яго сяброўка засталіся зімаваць у Беларусі >>

Суразмоўца Sputnik удакладніла, што ёсць класічная схема вяртання ў Беларусь асноўнай "пяцёркі" пералётных птушак: першымі прылятаюць белыя буслы, потым вясковыя ластаўкі, затым зязюлі, чорныя стрыжы і залатыя шчуркі.

Ястрабіная сава

Распавядаючы пра тое, хто з рэдкіх птушак залятаў на зімоўку ў Беларусь у гэтым сезоне, арнітолаг паведаміла, што "другі год на Віцебшчыне зімуе выключна рэдкая для нас ястрабіная сава". Гэта не першы выпадак, калі паўночныя птушыныя драпежніцы зімуюць у Беларусі. Некалькі гадоў таму на зімоўку ў Беларусь заляцела рэдкая белая палярная сава, але гэта было толькі адзін раз, і больш яе на тэрыторыі краіны не бачылі.

Самусенка таксама распавяла, што ў апошнія гады зімаваць у Мінску — на Свіслачы ў цэнтры горада — застаецца шматлікая калонія вялікагаловых чаек.