Вялікі тэатр Беларусі зладзіць выставу да Міжнароднага дня тэатра

Прыхільнікі опернага і балетнага мастацтва ўбачаць серыю эскізаў і касцюмаў, бутафорыю і афішы да спектакляў.
Sputnik

МІНСК, 26 сак – Sputnik. Адкрыццё выставы "ТЭАТР. INSIGHT" адбудзецца ў галерэі "Універсітэт культуры", пра гэта паведамляецца на сайце Вялікага тэатра Беларусі.

Выстава прымеркаваная да Міжнароднага дня тэатра, які адзначаецца 27 сакавіка. Прыхільнікі опернага і балетнага мастацтва ўбачаць серыю эскізаў і касцюмаў да опер "Аіда" і "Набука" Джузэпе Вердзі, балетаў "Каханне і Смерць" Палада Бюльбюль аглы і "Санеты" на музыку Піцера Уорлака і Ральфа Ваана-Уільямса і іншых.

Вогненнае шоу і пошукі папараць-кветкі: што чакае гасцей "Свята Сонца"

"Экспанаты выставы, кожны з якіх стаў адлюстраваннем асобных гісторый, эмоцый, прыгод, злучаныя ў своеасаблівую непаўторную панараму, якая адлюстроўвае падзеі, якія адбываліся ў нядаўнім мінулым", — адзначылі ў тэатры.

У асобнай зале будуць прадстаўлены спектаклі Вялікага тэатра Беларусі, якія былі ўдастоены высокіх дзяржаўных узнагарод: оперы "Сівая легенда" Дзмітрыя Смольскага і "Царская нявеста" Мікалая Рымскага-Корсакава, балет "Вітаўт" Вячаслава Кузняцова і іншыя.

Акрамя таго, перад наведвальнікамі выставы прыадкрыюць заслону таямніцы над балетам беларускага кампазітара Вячаслава Кузняцова "Анастасія", прэм'ера якога адбудзецца ў наступным сезоне. На выставе можна будзе ўбачыць, як увасабляецца лібрэта ў працы тэатральных мастакоў.

Маленькім наведвальнікам выставы цікава будзе зазірнуць у залу, прысвечаную дзіцячаму рэпертуару: у ёй будуць прадстаўлены  касцюмы, бутафорыя і афішы да спектакляў "Віні-Пух" і "Айбаліт", "Чароўная музыка", "Церам-Церамок", "Чыпаліна" і іншых.

З 28 сакавіка да 10 красавіка выстава адкрыта для ўсіх жадаючых, уваход вольны.

Галерэя "Універсітэт культуры" знаходзіцца па адрасе: пл. Кастрычніцкая, 1 (Палац Рэспублікі).