МІНСК, 26 сак — Sputnik. Эфектнае вогненнае шоу пройдзе ў Дудутках на фестывалі "Свята Сонца" 15-17 чэрвеня, паведамілі арганізатары.
Свае гарачыя выступленні на FireShow-фестывалі пакажуць каскадзёры, акрабаты і пластычныя тэатры. Кульмінацыяй свята стане факельнае шэсце, удзельнікі якога запаляць купальскія вогнішчы на беразе Пцічы і будуць танчыць да ўпаду ўсю ноч.
Хэдлайнерамі Open-air канцэрта на фестывалі "Свята Сонца" ў Дудутках будуць Лявон Вольскі са сваім праектам VOLSKI і піцерская фолк-рок-група "Тролль Гнет Ель".
Разам з імі на галоўнай канцэртнай пляцоўцы свята выступяць беларускія гурты "IRDORATH", "PAWA", "Яварына", Кацярына Ваданосава і ансамбль "Fantasy Orchestra", а таксама госці з Кіева — "FRAM". Упершыню на сцэну музея ў Дудутках паднімуцца эксперыментатары "Re1ikt".
Акрамя таго, у музейным комплексе падчас свята будуць працаваць этна-пляцоўкі, рынак майстроў і Купальскі кірмаш. Адпачыць, пакаштаваць стравы беларускай нацыянальнай кухні і паўдзельнічаць у кулінарных майстар-класах наведвальнікі змогуць у карчме, а самым няўрымслівым арганізатары прапануюць прайсці паласу перашкод і пашукаць сімвал свята — Папараць-кветку.
Госці змогуць пастраляць у лучным і арбалетным цірах, пагуляць у сярэднявечныя і народныя гульні, а для самых маленькіх удзельнікаў фэсту будзе працаваць дзіцячая пляцоўка.
Увесь час фестывалю — з 15 па 17 чэрвеня — на тэрыторыі музейнага комплексу будзе працаваць палатачны лагер для гасцей і ўдзельнікаў. Можна будзе размясціцца ў палатках арганізатараў ці ўсталяваць уласную на тэрыторыі лагера.
Для тых, хто не захоча заставацца ў Дудутках на некалькі дзён, арганізатары — экстрым-тэатр "Берсерк" і музейны комплекс "Дудуткі" — прадугледзелі аўтобусныя рэйсы па маршруце Мінск-Дудуткі-Мінск і бясплатны трансфер па маршруце Рудзенск — Дудуткі — Рудзенск. Больш падрабязна можна даведацца на сайце фестывалю або ў афіцыйнай групе "УКантакце".