Фота

"Залатая пралеска": самыя незвычайныя прычоскі і макіяж

Sputnik

У вынаходлівасці спаборнічаюць цырульнікі, візажысты, майстры манікюру з Беларусі, Расіі, Украіны і Літвы. Каля 300 канкурсантаў змагаюцца за перамогу ў 28 намінацыях. Побач з прафесіяналамі сваё майстэрства і неардынарнасць дэманструюць маладыя спецыялісты.

Фестываль прапануе амаль былінны выбар: налева пойдзеш — даведаешся, што можна стварыць на галаве нявесты за 40 хвілін, прама — убачыш, як робяць хайер-тату на мужчынскай патыліцы, направа — патрапіш на майстар-клас па афарбоўванню валасоў. У модзе сёння попельны, ружовы, неонавы, ды і наогул — усе колеры вясёлкі. Але арганізатары фестывалю супакойваюць: нават для самых адчайных моднікаў гэта не інструкцыя па ўжыванні, а хутчэй арыенцір.

Sputnik пагутарыў з канкурсантамі і паспрабаваў спасцігнуць сэнс амаль шэкспіраўскага пытання "галіць ці не галіць?".

1 / 12
На "Залатой пралесцы" адбору як такога няма - дастаткова падаць заяўку і аплаціць унёсак за ўдзел.
2 / 12
Падрыхтоўка да фестывалю займае ад тыдня да месяца. А хіба хопіць ночы стварыць складаны вобраз для намінацыі "Постыж"?
3 / 12
Канкрэтных адказаў пра тое, якія цяпер самыя модныя прычоскі і колеры, ніхто не дае.
4 / 12
Жаночы майстар з Гомеля Алена Ганчарова прадстаўляе на фестывалі дзяржаўнае прадпрыемства "Локан". Скарыць сэрца журы ў намінацыі "Вясельная прычоска" плануе ружамі з валасоў, упрыгожанымі жэмчугам.
5 / 12
На фестывалі сустракаюць не па адзежцы, а па расчосцы. У кожнага майстра - свае інструменты і сакрэты.
6 / 12
Адна з самых юных удзельніц, выхаванка Гомельскага каледжа бытавога абслугоўвання Ірына Артэс, выступае ў намінацыі "Крэатыўны макіяж". Аднакурснік Аляксандр дазволіў зрабіць з сябе вясновага хлопчыка.
7 / 12
Касплэер Валерыя Гарбар з Мінска прымерыла на фестывалі рогі, яе выхад - у намінацыі "Постыж".
8 / 12
Удзел у фестывалі змяняе мысленне, лічыць нязменны дырэктар фестывалю Аляксандр Нікіценка. Конкурс прымушае па-новаму зірнуць на сваю працу, прымяняць подыўмныя тэндэнцыі ў звычайным жыцці.
9 / 12
Доктара-вар'ята з Сусвету Марвел "апякае" грымёр Валерыя Чыжова і цырульнік Анастасія Гарэлікава. Застаўся апошні штрых - выгаліць на патыліцы доктара спіраль ДНК.
10 / 12
Баранавіцкі каледж сферы абслугоўвання зрабіў стаўку на ружовыя афракосы з акрылу. Аўтар ідэі - мастак-дызайнер Анастасія Хвайніцкая.
11 / 12
Для многіх канкурсантаў "Залатая пралеска" - гэта рэальная магчымасць сустрэцца з калегамі, пагутарыць з гуру цырульніцкага мастацтва. Адбываецца гэта без гальштука, у абсалютна нефармальнай атмасферы.
12 / 12
У поглядах гледачоў чытаецца захапленне, якое мяжуе са спалохам.