МІНСК, 29 сак — Sputnik. Польскія мытнікі выявілі ў аўтамабілі 54-гадовага беларуса наканечнік сярэднявечнай дзіды, які той спрабаваў нелегальна ўвезці ў Польшчу, пра гэта паведамляюць мясцовыя СМІ.
Мужчына на аўтамабілі Fiat спрабаваў даставіць у Польшчу наканечнік дзіды эпохі ранняга Сярэднявечча. Старажытны артэфакт быў схаваны ў патаемнай скрыні для інструментаў, што знаходзіцца ў багажніку аўтамабіля.
Дзіда была выяўлена падчас праходжання дагляду і праверкі дакументаў. Парушальнік адразу ж прызнаў сваю віну. У дачыненні да мужчыны распачаты адміністрацыйны працэс, артэфакт канфіскаваны для правядзення экспертызы.
Паводле папярэдняй ацэнкі спецыялістаў з Нацыянальнага інстытута спадчыны ў Варшаве і Падляшскага музея ў Беластоку, знойдзены наканечнік дзіды з'яўляецца археалагічным помнікам эпохі ранняга Сярэднявечча. Пасля спецыяльнай экспертызы будзе вызначана яго паходжанне і дадзена дакладная ацэнка яго кошту.