ГРОДНА, 23 лют — Sputnik, Іна Грышук. Незвычайныя артэфакты — цэглу з выяўленым на ёй гербам эпохі князя Вітаўта — знайшлі падчас археалагічных раскопак на Замкавай гары ў Гродне. Знаходка пацвердзіла, што Стары замак сапраўды пабудаваны Вітаўтам, а па знешнім выглядзе ён быў падобны на замак у Троках у Літве.
Знайшлі на месцы разбуранай печкі
Адна з цаглін з намаляваным на ёй гербам эпохі Вітаўта захавалася практычна ў цэлым выглядзе, не хапае толькі невялікай частачкі. Яшчэ некалькі былі разбітыя, іх прыйдзецца склеіць. На цагліны нанесены выпуклы малюнак "Калюмны" — герб часоў князя Вітаўта. Як распавяла загадчыца аддзела археалогіі Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Наталля Кізюкевіч, пакуль складана сказаць, як выкарыстоўвалі цэглу з "Калюмнай".
Яе знайшлі ў развале нейкай канструкцыі, у кучы будаўнічага смецця. Тут жа была знойдзеная гатычная цэгла і раннія печкавыя кафлі. Магчыма, яны былі часткай разбуранай печы замка. Знаходкі знойдзены ў гістарычным пласце другой паловы XV — пачатку XVI стагоддзяў на тэрыторыі замкавага двара, але сама цэгла датуецца канцом XIV стагоддзя.
Не цагліна, а дэкаратыўны элемент
Як патлумачыў Sputnik гісторык і геральдыст інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксей Шаланда, які ацаніў знойдзеныя ў Гродне артэфакты па фотаздымку, геральдычны знак "Калюмны" сапраўды належыць Вітаўту.
"Калі звярнуць увагу, унізе ёсць "птушачка". Гэта літара А. У хрышчэнні Вітаўт атрымаў імя Аляксандр. Фактычна мы маем не толькі сам геральдычны знак, але і знак, падпісаны ініцыялам Вітаўта Аляксандрам, што цалкам ідэнтыфікуе чалавека, які фундаваў будаўніцтва гэтага замка", — растлумачыў гісторык.
Дадзеная дэталь пацвярджае, што Вітаўт сапраўды меў тут замак, які служыў яго рэзідэнцыяй. На думку Шаланды, знойдзеная цэгла выкарыстоўвалася не як будаўнічы матэрыял для ўзвядзення сцен.
"Гэта так званая дэкаратыўная цэгла, якая выкарыстоўвалася ў якасці абліцавальнага матэрыялу. Хутчэй за ўсё, для абліцоўкі каміна або ачагу", — выказаў меркаванне Шаланда.
Паводле яго слоў, казаць пра тое, што гэта абліцавальная цэгла, можна досыць дакладна, бо на ёй намаляваны гербавы знак, які павінен быць абавязкова бачны.
Такіх знаходак у калекцыі гродзенскага музея не шмат
Дзякуючы знойдзенаму артэфакту можна сцвярджаць, што Вітаўт праводзіў досыць маштабную праграму будаўніцтва замкаў.
"Калі параўнаць гэтую знаходку з тымі, якія былі зробленыя ў Троках у Літве, то мы ўбачым, што там ёсць нейкія паралелі. Лепш пра гэта раскажуць спецыялісты па архітэктуры", — дадае суразмоўца.
Пакуль можна сцвярджаць, што гродзенскі замак быў пабудаваны ў гатычным стылі, а цяпер з'явілася новае пацверджанне таго, што ён быў падобны на Тракайскі замак у Літве, які таксама пабудаваў Вітаўт.
Шаланда перакананы, што галоўная каштоўнасць знойдзенага артэфакта у тым, што ён захаваўся ў досыць добрым стане. Цэгла з "Калюмны" адносіцца да той эпохі і гатовая да экспанавання. Знаходак такога рангу ў калекцыі гродзенскага музея не так і шмат.
Як раней пісаў Sputnik, археалагічныя раскопкі на тэрыторыі Старога замка ў Гродне праходзяць у рамках падрыхтоўчых работ напярэдадні маштабнай рэстаўрацыі. Раней на Замкавай гары знаходзілі кафлю, з якой збіралі печкі ў XVI стагоддзі, а таксама жаночы залаты пярсцёнак і шахматную ладдзю XIV стагоддзя.