МІНСК, 30 сак — Sputnik. Іудзеі Беларусі сустракаюць васьмідзённае свята Песах (Вялікдзень), у іудзейскія абшчыны ўжо раздалі мацу — рытуальны прэсныя ляпёшкі, паведамілі ў пятніцу ў суполцы "Бейс Ісраэль".
Велікодны перыяд у іудзеяў, падчас якога яны будуць успамінаць Старазапаветныя часы і ўзносіць малітвы аб дабрабыце, працягнецца да наступнай пятніцы.
"Сёння, у пятніцу, як зойдзе сонца, пачнецца першы велікодны седэр — абрадавая вячэра, падчас якой у пэўнай паслядоўнасці чытаюць апавяданне пра зыход з Егіпта", — распавялі Sputnik у пятніцу ў суполцы "Бейс Ісраэль", якая размяшчаецца ў сінагозе на вуліцы Даўмана ў Мінску.
Па словах суразмоўцаў агенцтва, ужо заканчваюцца апошнія падрыхтоўкі да пачатку свята, вернікам раздадзена маца.
Традыцыі яўрэйскага Песаху
Як распавялі Sputnik ў іудзейскай абшчыне, на Песах падчас святочнага седэра ядуць некалькі рытуальных страў: мацу ў памяць аб тым, што падчас зыходу ізраільцяне пяклі прэсныя ляпёшкі, бо не маглі чакаць, пакуль цеста забродзіць, а таксама горкую зеляніну — як сімвал горычы егіпецкай няволі.
"Зеляніну мачаюць у ваду. Гэта слёзы, разлітыя ізраільцянамі ў Егіпце", — патлумачылі ў абшчыне.
Таксама на стол ставяць сумесь з цёртых яблыкаў, фінікаў, арэхаў і віна.
"Харасет — напамін пра гліну, з якой заняволеныя яўрэі ў Егіпце рабілі цэглу", — адзначылі суразмоўцы Sputnik. Падчас святочнай трапезы выпіваюць чатыры рытуальных куфлі віна.
Яшчэ адным строгім патрабаваннем іудзейскага Песаху з'яўляецца адсутнасць квасной ежы.
"За некалькі дзён да Песаху ў дамах праводзіцца генеральная ўборка — спальваецца ўсё квасное, як мы яго называем, хамец", — распавялі ў суполцы.
Песах у іудзеяў з'яўляецца самым старажытным і шанаваным з 13 гадавых святаў і сімвалізуе нараджэнне яўрэйскага народа.