Музейная зала напоўненая паветрам і святлом. На сцяне ў маляўнічым беспарадку развешаны літары, якія абрамляюць лінагравюру. На ёй — друкары і гравёры Магілёўскага Богаяўленскага брацтва, і літары ствараюць вакол выявы своеасаблівы арэол. Наведвальнікаў музея сустракае партрэт пэндзля магілёўскага мастака Базыля Камарова — друкар і асветнік Спірыдон Собаль глядзіць спакойна і строга. Справа — стэнды са старажытнымі выданнямі XVIIcтагоддзя з яго друкарні ў Кіеве, Магілёўскага брацкага манастыра, Богаяўленскай друкарні Спірыдона Собаля ў Куцейне і іншыя.
"Экспазіцыя не надта вялікая, але вельмі змястоўная", — кажа Вольга Гулева, загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзелу Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.
Прадстаўленыя выданні знаёмяць з кнігадрукарскім шляхам Спірыдона Собаля, але самая вядомая праца нашага славутага суайчынніка зараз знаходзіцца на выставе ў Нацыянальнай бібліятэцы.
Пра асобу Спірыдона Собаля можна разважаць вельмі доўга, таму што і ў цяперашні час даследчыкі працягваюць вывучаць яго вялікую спадчыну і знаходзіць у ёй новае і цікавае.
"Ён хацеў, каб яго суграмадзяне навучыліся не толькі чытаць, але разважаць і маліцца сам насам", - расказвае Вольга Гулева пра друкарскую і асветніцкую дзейнасць Спірыдона Собаля.
Гэтую думку падтрымлівае і намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша. Па яго словах, зараз беларусы пачалі нанова адкрываць сваю гісторыю, і гэта з'яўляецца працэсам нацыянальнага самавыхавання. Вельмі важна ведаць культурную спадчыну, якая засталася з часоў, у якія жыў і працаваў Спірыдон Собаль.
"Тады паўставала новая – не скажу цывілізацыя, але паўставала новая ў значнай меры Беларусь", -кажа Алесь Суша.
Старажытны буквар, сцвярджае ён, гэта не проста кніга, па якой дзеці вывучалі літары. У тыя часы па букварам вучыліся не толькі пісьму, але і ўвогуле быць чалавекам.
"Гэта не была кніга, па каторай вучыліся чытаць "мама мыла раму", гэта не была кніга, па каторай вучылі толькі "а, б, в, г, д", яшчэ нешта. Гэта была кніга, праз каторую чалавек, не абавязкова малы, адкрываў акно ці дзверы ў свет разумнага жыцця, у свет інтэлектуальных каштоўнасцяў таго часу", - расказвае Алесь Суша.
Кнігі XVIIcтагоддзя аздоблены маляўнічымі гравюрамі і набраны прыгожым шрыфтам, які пасля шырока выкарыстоўваўся ў Маскоўскай дзяржаве, якая, жартуе даследчык, намагалася "прысвоіць" творы знакамітага беларускага друкара – адзін з рускіх кнігадрукароў выдаў яго кнігу пад сваім імем.
Увогуле, Спірыдон Собаль аказаў значны ўплыў на пашырэнне кнігадрукавання ў Маскоўскай дзяржаве, але пачаў друкаваць кнігі ён у Кіеве, адкуль потым прывёз усё неабходнае абсталяванне ў беларускі Магілёў, на сваю малую радзіму.
Па словах дырэктара Музея гісторыі Магілёва Аляксея Бацюкова, яшчэ ў 60-я гады была напісана адна з галоўных работ па асобе Спірыдона Собаля, якая пачыналася на той час правакацыйна: беларускі друкар Спірыдон Собаль. Аўтар гэтага артыкула асабліва падкрэслівала, што хоць яго лічаць украінскім друкаром, нарадзіўся Спірыдон Собаль у Беларусі. Зараз яго спадчына захоўваецца ў шматлікіх бібліятэках, якія ганарацца тым, што змаглі набыць гэтыя кнігі.
Спірыдон Собаль з'яўляецца аднім з культурных герояў нацыянальнага маштабу, якога мы ўсё яшчэ адкрываем: даследчыкі расчытваюць выданні, вызначаюць, да якой менавіта друкарні яны належаць. Уплыў асветніка і друкара на тагачасную культуру складана пераацаніць.
"Калі мы прыменім сучасныя характарыстыкі да гэтай асобы, ён раўназначны такім дзеячам сучаснасці, якія рухаюць наперад прагрэс, рухаюць наперад асвету, як дзеячы сучаснага лічбавага свету, як дзеячы сучаснай інтэрнэт-прасторы – Стыў Джобс, Біл Гейтс", - прыводзіць трапнае параўнанне Аляксей Бацюкоў.
На жаль, не ва ўсіх зараз ёсць магчымасць убачыць гэтыя кнігі на свае вочы, таму што большая частка з іх пакуль не алічбавана. З такой практычнай прапановай выступіў на адкрыцці выставы дырэктар Інстытута літартуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Іван Саверчанка.
Ён адзначыў, што добра было б спалучыць мінуўшчыну з сучаснымі тэхналогіямі і зрабіць прадстаўленыя на выставе выданні набыткам усяго свету.
Спірыдон Собаль (па іншых звестках Багдановіч) – друкар i асветнік, выбітны дзеяч беларускай культуры. Ён нарадзіўся каля 1580 –1590 гг. у Магілёве ў сям'i бурмістра, дзе і атрымаў пачатковую адукацыю. Друкаваць кнігі пачаў у Кіеве, які ў той час быў цэнтрам мясцовай праваслаўнай мітраполіі. Пасля Спірыдон Собаль заснаваў друкарні ў родных мясцінах: Куцейне, Буйнічах і Магілёве.
Часовая экспазіцыя, прысвечаная беларускаму друкару і асветніку, будзе працаваць у Музеі гісторыі беларускай літаратуры да 27 красавіка. Выставачны праект быў падрыхтаваны сумесна з Музеем гісторыі Магілёва, Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Я. Коласа НАН Беларусі і Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь.