Радыё

Крэпскі пра аварыю на ЧАЭС: мы рваліся туды самі, адрэналін зашкальваў

Намеснік кіраўніка асацыяцыі праваахоўных органаў "Шчыт Чарнобыля" Станіслаў Крэпскі распавёў Sputnik Беларусь, як 32 гады таму пасля эвакуацыі насельніцтва забруджаныя Чарнобылем тэрыторыі даводзілася ахоўваць ад саміх жыхароў-самаходаў.
Sputnik

У чацвер, 26 красавіка, спаўняецца 32 гады з моманту аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Не сакрэт, што 80% радыенуклідаў выпала на тэрыторыю Беларусі, і першымі, хто прыняў на сябе ўдар радыяцыі на забруджаных тэрыторыях, сталі работнікі праваахоўных органаў, распавёў у прэс-цэнтры Sputnik Беларусь намеснік кіраўніка асацыяцыі "Шчыт Чарнобыля" Станіслаў Крэпскі.

"Работа была вельмі сур'ёзная, трэба было правесці эвакуацыю насельніцтва, людзей вывесці з гэтай зоны, а яны вельмі балюча расставаліся са сваімі дамамі і з усім нажытым. Але потым трэба было ахоўваць тэрыторыю ад іх жа саміх, таму што яны туды імкнуліся патрапіць, каб забраць свой хатні скарб. Былі "самаходы", даводзілася іх спыняць і пераконваць, што яны пераносяць радыяцыю на чыстую тэрыторыю. У такім ключы мы і працавалі", — распавёў Крэпскі.

Па ўспамінах суразмоўцы Sputnik, 32 гады таму адразу пасля Чарнобыльскай катастрофы на забруджаныя тэрыторыі накіроўвалі толькі маладых людзей, у якіх не было якіх-небудзь заўваг па стане здароўя.

"Тых, у каго былі заўвагі, адразу адхілялі. І ішлі мы цалкам добраахвотна. Калі камусьці здаецца, што ішлі па загадзе, то не. Мы былі маладыя, зашкальваў адрэналін, і нам сапраўды хацелася туды. Былі ўпэўненыя, што выведзем насельніцтва. Яны сыходзілі, а мы там заставаліся і працягвалі працаваць", — сказаў Крэпскі.

Для ўдзельнікаў асацыяцыі "Шчыт Чарнобыля" 26 красавіка застаецца асаблівай датай, калі былыя супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія 32 гады таму апынуліся на забруджаных тэрыторыях, збіраюцца ў капліцы, каб успомніць маладосць і сяброў, якія пайшлі з жыцця.

Фрагмент гутаркі з намеснікам кіраўніка асацыяцыі праваахоўных органаў "Шчыт Чарнобыля" Станіславам Крэпскім слухайце на радыё Sputnik Беларусь.