МІНСК, 27 кра — Sputnik. Гульцы юнацкай (U18) зборнай Беларусі па хакеі не змаглі прайсці далей 1/4 фіналу на юнацкім Чэмпіянаце свету па хакеі і пакінулі турнір.
Выбілі беларускую каманду фіны — гульня, якая прайшла ў Магнітагорску, завяршылася з лікам 5:2. Пры гэтым тры шайбы зборная рэспублікі прапусціла ў першым перыядзе і дзве — у другім, адыграць беларусы змаглі толькі два галы.
У беларускай камандзе шайбамі ў вароты зборнай Фінляндыі адзначыліся Уладзімір Алістраў і Ілля Усаў.
Такім чынам, на бягучым чэмпіянаце зборная заняла 8-е месца і захавала права выступаць у вышэйшым дывізіёне ў наступным годзе.
У паўфіналах ЮЧС сустрэнуцца пары Чэхія — ЗША і Фінляндыя — Швецыя.