ВНУ Беларусі набяруць у гэтым годзе на 3,5 тыс. чалавек менш, чым у 2017-м

Памяншэнне агульных лічбаў прыёму адбылося ў першую чаргу за кошт спецыяльнасцяў эканамічнага і юрыдычнага профілю.
Sputnik

МІНСК, 4 мая — Sputnik. Вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі у 2018 годзе набяруць на тры з паловай тысячы менш абітурыентаў, чым у папярэднім, сведчаць дадзеныя аб кантрольных лічбах прыёму.

На ЦТ-2018 у першы дзень зарэгістраваліся больш за 2,2 тысячы абітурыентаў

Уступная кампанія стартавала ў Беларусі ў гэтым маі: абітурыенты ўжо рэгіструюцца на ЦТ, а самі выпрабаванні пройдуць у чэрвені. Ужо вядомыя і кантрольныя лічбы прыёму па рэспубліцы — нягледзячы на павелічэнне колькасці абітурыентаў адносна мінулых гадоў, ВНУ набяруць некалькі менш студэнтаў.

Так, па словах першага намесніка міністра адукацыі Вадзіма Богуша, у гэтым годзе установы вышэйшай адукацыі плануюць набраць 54,5 тысячы чалавек. Для параўнання, у 2017-м ВНУ рэспублікі набіралі 58 тысяч чалавек — на 3,5 тысячы больш.

Скарачэнне набору, паводле слоў намесніка міністра, адбылося ў першую чаргу за кошт аптымізацый на спецыяльнасцях юрыдычнага і эканамічнага профілю, а таксама завочнага навучання.

У той жа час лічбы прыёму ў сярэднія спецыяльныя ўстановы адукацыі (ССНУ) і ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі (ПТА) павялічыліся ўслед за выхадам з "дэмаграфічнай ямы".