МІНСК, 10 мая — Sputnik. Міжнародны саюз біятланістаў (IBU) узнагародзіў чатырохразовую алімпійскую чэмпіёнку Дар'ю Домрачаву прызам за спартыўную высакароднасць, паведамілі ў прэс-службе IBU.
Беларуская спартсменка перамагла ў галасаванні біятланістаў, якія выступаюць на Кубку свету.
"Домрачава атрымала прыз за спартыўную высакароднасць дзякуючы свайму ўчынку на этапе ў Антхольцы", — гаворыцца ў паведамленні.
Нагадаем, у гонцы пераследу на шостым этапе Кубка свету ў італьянскім Антхольцы Домрачава і Даратэя Вірэр вялі барацьбу за другое месца. Перад фінішнай прамой беларуска наступіла на палку сваёй суперніцы, і далей італьянка бегла з адной палкай. Домрачава не стала абганяць Вірэр і ў выніку заняла трэцяе месца.