Праект "Мастак і горад": што чакае беларусаў у гэтым годзе

Убачыць карціны беларускага Далі змогуць не толькі мінчане і госці сталіцы – экспазіцая пабывае ў Віцебску.
Sputnik

МІНСК, 11 мая — Sputnik.Гэтым летам мінская плошча Якуба Коласа пагрузіцца ў дзіўную атмасферу сюрэалістычнага мастацтва разам з праектам "Мастак і горад".

Скрадзеную карціну Шагала знайшлі праз 30 гадоў на гарышчы

Галоўным героем імправізаванай выставы, якую ладзяць ужо ў сёмы раз, у гэтым годзе стане жывапісец, беларускі Сальвадор Далі Георгій Скрыпнічэнка.

Менавіта Скрыпнічэнка стаяў ля вытокаў беларускага сюрэалізму. Яго працы адрознівае адмысловая манера выканання — на мяжы фантазіі і рэчаіснасці.

У сваіх карцінах мастак выкарыстоўваў вопыт вялікіх папярэднікаў, але наўмысна адмовіўся ад залішняй эпатажнасці. Аснова сюжэтаў Скрыпнічэнкі — сумесь беларускай міфалогіі і гісторыі.

Мастак ніколі не даваў тлумчэнняў да сваіх твораў: падкрэсліваў важнасць таго, каб карціны заставаліся для гледачоў фантастычнымі рэбусамі.

Па словах загадчыка аддзела рэкламы і спецыяльных праектаў Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Беларусі Захара Дудзінскага, задача праекта заключаецца не толькі ў тым, каб адукоўваць людзей, але і здзіўляць іх, таму ў гэтым годзе ў якасці галоўнай постаці выставы быў абраны менавіта Скрыпнічэнка.

Урачыстае адкрыццё экспазіцыі пад адкрытым небам адбудзецца 17 мая. Гасцей чакаюць выступленні вулічных акцёраў, нестандартная фотазона, некалькі "жывых" палотнаў мастака і вялікая колькасць цікавых сюрпрызаў. На працягу пяці месяцаў — да верасня — беларусы і замежнікі змогуць атрымаць асалоду ад творчасці знакавай постаці ў беларускім выяўленчым мастацтве. Пасля гэтага выстава адправіцца ў Віцебск.

Традыцыйна рэпрадукцыі будуць суправаджацца біяграфіяй і тэкставым апісаннем на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай. На выставе прадставяць такія палотны як "Кругаварот жыцця", "Вытокі", "Нацюрморт", "Зямля продкаў" і многія іншыя.

Праект "Мастак і горад" рэалізуецца ў беларускай сталіцы ўжо сёмы год запар. Да гэтага яе "удзельнікамі" былі Марк Шагал, Казімір Малевіч, Мікалай Селяшчук, Валянцін Губарэў і многія знакамітыя прадстаўнікі беларускага мастацтва.