Фота

Шляхецкая ідылія ў гарадзенскім замку

Sputnik

Новы замак у Гродна на адзін дзень перанёсся ў сярэдзіну XIX стагоддзя. Бліжэй да вечара яго залы напоўніліся святочным, стракатым натоўпам: элегантныя кавалеры вялі пад руку сваіх дам, граў квартэт, а наваксаваны паркет блішчаў, як люстэрка. Было чуваць шорах спадніц і смяшкі. Схаваўшыся за веерамі, абмяркоўвалі сукенкі, прычоскі, з кім давядзецца сёння станцаваць мазурку і хто ўжо знайшоў сабе vis-a-vis на кадрылю.

У балю не было жорсткай праграмы — кожная пара магла звярнуцца да распарадчыка і папрасіць абвясціць той танец, які яны жадаюць. Полькі чаргаваліся з вальсамі, мільгалі ўсмешлівыя твары, якія расчырванеліся ад танца і задавальнення. У перапынках кавалеры беглі ў буфет выпіць шклянку вады — і зноў у залу, дзе яшчэ так шмат прыгожых дам, якія чакаюць, каб іх запрасілі на танец.

Баль пад назвай "Шляхецкая ідылія" працягваўся больш за чатыры гадзіны, і бліжэй да канца многія ледзь трымаліся на нагах. Тыя, хто быў не ў сілах больш танцаваць, маглі падняцца на другі паверх, у салон, і за гульнямі, папулярнымі ў пазамінулым стагоддзі, прабавіць рэшту вечара, або прагуляцца перад замкам і зрабіць фота на памяць.

1 / 18
Баль адкрываецца паланэзам - гэта павольны танец, пад час якога можна і з кавалерам паразмаўляць, і сябе паказаць, і іншых паглядзець.
2 / 18
Кавалеры ў смокінгах вельмі элегантныя, а дамы пераўзышлі самі сябе ў вытанчаным аздабленні сукенак.
3 / 18
Пышныя спадніцы трымаюцца на кольцах крыналінаў - у мінулым яны маглі быць рознай шырыні, аж да проста няўяўных памераў, і ў сярэдзіне XIX стагоддзя папулярныя былі карыкатуры, на якіх малявалася дама, якая займае сабой усю бальную зала, а кавалер нават не можа падыйсці да яе.
4 / 18
Ружовыя, апельсінавыя, блакітныя, зялёныя, белыя, колеру топленага малака - на балі было не знайсці нават дзвюх падобных сукенак.
5 / 18
Які ж баль без сяброўскіх гутарак і - не без гэтага - плётак?
6 / 18
Фігуры паланэза вельмі простыя - першая пара задае кірунак, а астатнія паўтараюць за ёй. Гэтая называецца "Фантан": калі пары даходзяць да канца залы, яны разыходзяцца ў розныя бакі.
7 / 18
Прыгожая драўляная лесвіца аказалася адной з упадабаных лакацый для фота.
8 / 18
У перапынках дамы шпацыравалі па калідорах палаца і любаваліся на карціны...
9 / 18
...а некаторыя выходзілі падыхаць свежым паветрам.
10 / 18
Элегантныя кавалеры ў кунтушных строях - рэдкая дама магла ўстаяць і не зрабіць з імі фота на памяць.
11 / 18
Веер - нязменны атрыбут балю. Ім можна абмахвацца пасля хуткага танца, да таго ж, існуе сапраўдная мова флірту, на якой можна размаўляць без слоў.
12 / 18
На агульным фота дамы ў першых шэрагах - кожнай хочацца пахваліцца багатым аздабленнем сукенкі.
13 / 18
Пары з задавальненнем пазіравалі для фота.
14 / 18
Далікатныя кветкі ў валасах вельмі асвяжаюць вобраз.
15 / 18
Для кагосьці гэты баль - першы.
16 / 18
Дамы імкнуліся перагнаць адна адну як у строях, так і ў прычосках. Адна з самых папулярных - кучары, якія спускаюцца з мудрагеліста пераплеценых касічак.
17 / 18
Трэцяя фігура кадрылі "Прынц Імперыял" - La Corbeille.
18 / 18
Узлятаюць спадніцы - вальс, вальс!