МІНСК, 14 мая — Sputnik. Чыноўнікі хочуць дазволіць бацькам і айчымам двух і больш дзяцей сыходзіць у адпачынак летам незалежна ад жадання працадаўцаў, заявіў у панядзелак журналістам намеснік кіраўніка Мінпрацы Валерый Кавалькоў.
Папраўкі ў Працоўны кодэкс Беларусі будуць у гэтым годзе разгледжаны беларускімі парламентарыямі. Сярод гучных навацый кодэкса — не толькі абавязковы дэкрэтны адпачынак для бацькоў, але і паслабленні з адпачынкам.
Так, чыноўнікі хочуць дазволіць бацькам і айчымам дваіх і больш дзяцей, якім менш 14 гадоў, браць адпачынак летам — незалежна ад таго, ці хоча таго наймальнік. Пакуль такое права маюць толькі жанчыны.
"Прадугледжана развіццё гнуткіх формаў занятасці, у тым ліку дыстанцыйнай працы для магчымасці спалучэння яе і догляду за дзіцем", — распавёў намеснік міністра.
Мяркуецца, што замацаванае законам права бацькоў браць адпачынак летам зробіць іх больш абароненымі і дапаможа праводзіць час са сваімі дзецьмі на канікулах, бо працадаўца будзе абавязаны адпусціць работніка ў адпачынак.
Акрамя пытанняў дэкрэтных і звычайных адпачынкаў, папраўкі закрануць працу фрылансераў і шэрагу іншых катэгорый работнікаў, а таксама аспектаў пераводу з адной працы на іншую і іншых.