Капітан зборнай па хакеі папрасіў прабачэння ў балельшчыкаў Беларусі

Паўловіч паабяцаў, што пройдзе яшчэ трохі часу - і ўсе даведаюцца, чаму зборная так дрэнна гуляла.
Sputnik

МІНСК, 17 мая — Sputnik. Капітан беларускай зборнай па хакеі Аляксандр Паўловіч папрасіў прабачэння ў беларускіх заўзятараў за правальны выступ на бягучым Чэмпіянаце свету, які праходзіць у Даніі.

"Выпускаць моладзь, а не легіянераў": як мінчане бачаць хакей будучынi

Каманда Беларусі ў сераду 16 мая вярнулася на радзіму, правёўшы ў Капенгагене апошнюю сустрэчу са славакамі і прайграўшы з лікам 7:4.

"Хацелася б адзінае што сказаць: папрасіць прабачэння ў балельшчыкаў і ўсіх аматараў хакея, якія падтрымлівалі нас і чакалі ад нас іншага выніку", — сказаў па вяртанні Паўловіч.

Ён таксама ўдакладніў, што на бягучым чэмпіянаце беларуская каманда была "маладая". "Шэсць-сем хлопцаў, якія гулялі на такім узроўні. Думаю, цяпер трохі часу пройдзе, і прычыны, акалічнасці (паражэнняў — Sputnik) усе пазнаюць", — канстатаваў капітан зборнай.

У сваю чаргу нападаючы нацыянальнай каманды Аляксандр Кітараў падкрэсліў, што перад чэмпіянатам каманда рыхтавалася да маючых адбыцца гульняў.

"Нас рыхтавалі, мы трэніраваліся. Тое, што прасілі ад нас, мы стараліся рабіць. У нас не атрымалася. Цяпер усё абмяркуем, усё гэта разбярэцца, і будуць дадзены адказы", — сказаў ён.

Беларусы на чэмпіянаце не змаглі выйграць ніводнай сустрэчы і вылецелі з эліты сусветнага хакея. Па ходзе спаборніцтваў каманду пакінуў галоўны трэнер Дэйв Льюіс, якога замяніў Сяргей Пушкоў, аднак гэта істотна не паўплывала на становішча каманды на чэмпіянаце.

Ужо вядомыя ўдзельнікі плэй-оф ЧС: за выхад у паўфіналы будуць змагацца пары Швецыя — Латвія, ЗША — Чэхія, Фінляндыя — Швейцарыя і Расія — Канада. Усе чвэрцьфіналы пройдуць у чацвер 17 мая.