А вы і не ведалі: Маленькі Прынц жыве на Палессі

Карэспандэнт Sputnik Алеся Шаршнёва паглядзела спектакль па нашумелай кнізе "Радзіва Прудок", якую напісаў былы дворнік тэатра, і адразу ж палюбіла іранічны дзённік з Палесся.
Sputnik

Гісторыі даўншыфцінгу ў Беларусі апошнім часам карыстаюцца невытлумачальнай папулярнасцю. Раптам стала модным сярод моладзі з'язджаць са сталіцы ў пошуках сябе: будаваць дом, варыць сыр, пячы хлеб і атрымліваць асалоду ад еднасці з прыродай.

Сапраўдны космас: якім атрымалася "Радзіва Прудок" па версіі купалаўцаў

Спробы "знайсці сябе" адны ўспрымаюць як блазноту, іншыя называюць вяртаннем да сваіх каранёў. Але калі разабрацца, ёсць у гэтым свая, хай і не заўсёды зразумелая філасофія.

Кніга "Радзіва Прудок" Андруся Горвата — былога дворніка Купалаўскага тэатра, а цяпер пісьменніка, ужо паспела нарабіць шуму ў беларускай літаратуры.

Сакрэт папулярнасці аўтара, які стаў уладальнікам літаратурнай прэміі Максіма Багдановіча, але да Гедройца не дацягнуў, не толькі ў тым, што ён трапіў "у трэнды". Дакладней, зусім не ў гэтым.

На думку крытыкаў, кніга Горвата — гэта новая беларуская літаратура, у якой гарманічна ўсё — ад вобразаў і думак, да беларускай мовы, расквечанай палескімі дыялектамі. Некаторыя нават называюць узнікненне смешных і сумных гісторый з жыцця далёкай палескай вёсачкі сапраўдным цудам.

Згаджацца з гэтым ці не, гледачам трэба будзе вырашаць самастойна, але пакуль ясна адно: іранічная і кранальная пастаноўка не дапусціць абыякавасці.

Кот Ромка, муха Наташа і ўсе-ўсе-ўсе

Гісторыі з жыцця прудкоўцаў яшчэ ў кніжным варыянце прыйшліся да спадобы многім, таму з'яўленне на свет п'есы, ды і яшчэ на сцэне таго самага тэатра можна назваць сімвалічным.

Па словах рэжысёра Рамана Падалякі, самым складаным у працы над спектаклем было пераўтварыць дзённікавы жанр у сцэнар і "захаваць аптымізм". І калі другое — хутчэй звыклыя пакуты творчага чалавека, то першае — сапраўды няпростая задача, якую камандзе купалаўцаў ўдалося вырашыць на "выдатна".

Пастаноўка выглядае суцэльнай, складзенай з тысячы важных і незаменных дробязяў. Пазбаўцеся чаго-небудзь — ката Ромкі, балбатлівых жукоў ці блакітных гумовых боцікаў — і спектакль рассыплецца на маленькія фрагменты. Усе яны аб'яднаныя ідэяй унутранага космасу: тут усё на сваіх месцах, і нават маленькі хаос выглядае дарэчным.

Як Маленькі Прынц трапіў у Прудок

Герой Горвата — Маленькі Прынц беларускага Палесся, толькі крыху пасталеўшы. Замест ружы ў яго — "карапуз гарбузік", а замест баабабаў ён змагаецца з жукамі. У выкананні Міхаіла Зуя герой выглядае ў дакладнасці як на малюнках Экзюперы.

Спектакль па кнізе Горвата "Радзіва Прудок" пакажуць на Палессі

Адсылка да любімай дарослымі і дзецьмі казкі відавочная, але ў гэтым няма нічога дакучлівага. Наадварот, у беларускім варыянце гісторыя, якая доўгія гады існуе па-за часам і прасторай, набывае асаблівы сэнс.

Калейдаскоп палескіх характараў змяняецца на сцэне як планеты ў знакамітай кнізе. Дзіўна, але ў пастаноўцы задзейнічана ўсяго тры акцёры. Яны прымяраюць на сябе шэсць, а ў нейкі момант здаецца, што і больш роляў. Дзмітрый Есяневіч нават самыя банальныя фразы напаўняе ўтульным гумарам, а Святлана Анікей пераўвасабляецца так па-майстэрску, што часам з'яўляюцца сумненні: ці сапраўды гэта яна? Смяшлівая маладая дзяўчына, пафасны мінскі экскурсавод і гаманкая палеская бабуля ў яе выкананні выглядаюць сапраўднымі і рознымі.

Асобны герой на сцэне — гэта святло. Яно жыве сваім жыццём і суправаджае гледачоў на ўсім шляху касмічнага падарожжа, робіць гісторыю зачаравальнай. Няма сумненняў, што ў дзяцінстве ўсе ўяўлялі космас менавіта такім, якім яго паказала каманда купалаўцаў.

Дапаўняюць гісторыю лаканічныя і незвычайныя касцюмы і сцэнаграфія ад Кацярыны Шымановіч. Гэта трэцяя яе праца разам з камандай Купалаўскага — да яе былі "Зямля Эльзы" ад рэжысёра Алены Ганум і "Запалкі" ад Таццяны Ларынай. Дзяўчына з выдатным позіркам дадае свае незаменныя штрыхі да партрэта кожнага персанажа.

Весяліцца нельга сумаваць

Горватаўскі гумар — а такое паняцце, несумненна, ужо можна ўводзіць у беларускую літаратуру — востры і ёмісты ("Калена Ганны Чарнушкі — сапраўдны беларускі эратычны сон", "Я як маленькая мадэль беларускай нацыі — сяджу на гістарычным кавалачку зямлі, харчуюся датацыямі і ніяк не магу сфарміравацца").

У кнізе значна больш гумару, але купалаўцы наўмысна пакінулі месца для суму ("Адзінота — гэта калі няма нікога, з кім можна памаўчаць на агульныя тэмы", "Чым болей для душы, тым меней для кішэні").

Першапачаткова пастаноўка задумвалася як эксперыментальная, але яшчэ да прэм'еры заняла сваё месца ў пастаянным рэпертуары Купалаўскага тэатра.

Спектакль, які яшчэ да прэм'еры паспявае стаць нашумелым, — гэта заўсёды асаблівая праверка на трываласць, як для тэатральнай трупы, так і для гледача. Тут, як у адкрытым космасе, нават нязначная памылка можа абярнуцца поўным правалам. Зоркі і шквал эмоцый чакае таго, хто ўсё-такі вырашыць рызыкнуць — выйсці ў адкрыты космас або паставіць на сцэне зусім незвычайную гісторыю.

Што яшчэ сказаць?

Прыемнага палёту ў палескі космас.