Кнігу "Радзіва Прудок" Андруся Горвата крытыкі ахрысцілі прарывам у беларускай літаратуры за свежы погляд, яркую мову і ёмісты гумар. Дзённік са смешнымі і сумнымі гісторыямі пра палескую вёсачку Прудок заваяваў сэрцы чытачоў і зараз выйшаў на тэатральныя падмосткі — 16 і 17 мая беларускія гледачы змогуць убачыць аднайменную пастаноўку на Камернай сцэне Купалаўскага тэатра. Перадпрэм'ерны паказ адбыўся напярэдадні.
Рэжысёр Раман Падаляка зрабіў акцэнт на ідэю ўнутранага космасу — як самай эмацыйна блізкай кожнаму чытачу. Разам з акцёрамі Міхаілам Зуем, Святланай Анікей і Дзмітрыем Есяневічам, якія падзялілі паміж сабой шэсць галоўных роляў, ён узнавіў гісторыю пра "космас", які герой знайшоў у роднай вёсцы. Непаўторная сцэнаграфія і касцюмы Кацярыны Шымановіч зрабілі гісторыю пра пошук сябе незабыўнай і зачаравальнай.
Нягледзячы на тое, што прэм'ера на тэатральнай сцэне адбудзецца толькі цяпер, кніга ўжо даўно жыве сваім жыццём. Купалаўцы ўжо прадстаўлялі беларускаму гледачу кароткаметражку "Ягор", знятую па ўрыўку "Радзіва Прудок". У снежні 2017 года Раман Падаляка выйграў конкурс рэжысёрскіх эксплікацый, арганізаваны Міністэрствам культуры Беларусі, і змог прыступіць да працы над паўнавартаснай тэатральнай пастаноўкай.
Спектакль эксперыментальны, але ўжо ўключаны ў бягучы рэпертуар тэатра. Акрамя таго, арганізатары плануюць паказаць "Радзвіа" для саміх герояў кнігі — у вёсцы Прудок Мазырскага раёна Гомельскай вобласці.