МІНСК, 24 мая — Sputnik. Беларусь не можа абыякава чакаць пачатку Трэцяй сусветнай вайны, заявіў у чацвер на пленарнай сесіі форуму "Мінскі дыялог" прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы ў чацвер выступіў на адкрыцці пленарнай сесіі форуму "Мінскі дыялог". Выступленне прэзідэнта было прысвечана бяспецы ў рэгіёне і свеце.
"Для многіх бакоў вiдавочна, што з моманту заканчэння халоднай вайны еўрапейская архітэктура бяспекі яшчэ не перажывала такога глыбокага сістэмнага крызісу", — заявіў прэзідэнт.
Многія папярэджваюць аб тым, што планета падышла да небяспечнай мяжы, адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Нагадаў Лукашэнка і пра беларускую ініцыятыву "Хельсінкі-2", якую прапанавалі на сесіі ПАСЕ ў Мінску ў мінулым годзе.
"Не мае значэння, як ён (мірны дыялог — Sputnik) будзе называцца і дзе будзе адбывацца, і зусім не важна, хто ініцыюе гэты працэс, мы ўсе павінны ініцыяваць яго. Мір даражэйшы за ўсё", — адзначыў Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што канфлікты, якія сёння адбываюцца, толькі пацвярджаюць асцярогі беларусаў.
"Вялікія дзяржавы, прызначаныя быць гарантамі стабільнасці, не могуць прыйсці да згоды. З аднаго боку, яны кажуць пра неабходнасць захавання архітэктуры сусветнай бяспекі, а з другога — імкнуцца абыйсці вета Савета бяспекі ААН", — сказаў Лукашэнка.
Нашу краіну турбуе "перш за ўсё адсутнасць гарантыі недапушчэння маштабнага ўзброенага канфлікту, хай нават ненаўмыснага", дадаў беларускі лідар.
"Мы не можам абыякава чакаць, пакуль палыхне пажар Трэцяй сусветнай вайны", — адзначыў прэзідэнт.
Лукашэнка ўпэўнены, што буйным геапалітычным гульцам трэба задумацца аб міжнародных адносінах. Становішча спраў у сучасных міжнародных адносінах ён параўнаў з тым, якое было перад Першай сусветнай вайной.
Аднак кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што дамаўляцца павінны не толькі ключавыя гульцы. Паводле яго слоў, менавіта малыя краіны павінны ініцыяваць дыялог, а не "гуляць ролю статыстаў".
"Трэба ў добрым сэнсе парушыць манаполію дыялогу па гэтых пытаннях у першую чаргу паміж буйнымі краінамі", — адзначыў прэзідэнт.