Выстава "Куфэрак", якая праходзіць у Мінску ўжо трэці раз, ахоплівае першую палову XIX стагоддзя. Тут можна ўбачыць ваенныя мундзіры рускай і французскай арміі, а таксама жаночыя касцюмы і балёвыя сукенкі.
Напалеонаўская кампанія, якую яшчэ называюць “апошняй прыгожай вайной”, аказала значны ўплыў на модныя тэндэнцыі таго часу. Так, у жаночым касцюме выразна прасочваецца стыль мілітары.
На беларускіх землях у першай палове ХІХ стагоддзя быў у хаду традыцыйны шляхецкі, сармацкі касцюм, кунтуш і слуцкія паясы. Мода, якая існавала на беларускіх землях, распаўсюджвалася ў Еўропе, малюнкі касцюмаў друкаваліся ў модных часопісах.
Таксама на выставе можна ўбачыць эвалюцыю балёвых сукенак ад пачатку ХІХ стагоддзя да 40-х гадоў. Адметнай рысай гэтых сукенак з’яўляецца тое, што ўсе яны мяккія, бескаркасныя. Да гэтага ў XVIII стагоддзі былі пышныя фіжмы на кітовым вусе, на лазе, а ў сярэдзіне XIX стагоддзя з'явіліся жорсткія крыналіны, якія нагадваюць сучасныя вясельныя.
На выставе можна не толькі далучыцца да гісторыі моды, але і прымерыць касцюмы ў фотакутку.