Радыё

Ткачова: праца фатографаў-фрылансераў у Беларусі не надта наладжана

Працаваць фатографам-фрылансерам у Беларусі нялёгка, але зарабіць можна, калі чалавек гэтага хоча, лічыць фіналістка міжнароднага фотаконкурсу імя Андрэя Сценіна 2018, беларускі фатограф Таццяна Ткачова.
Sputnik

Работы двух беларускіх фатографаў — Сяргея Гапона і Таццяны Ткачовай — трапілі ў шорт-ліст з 6 тысяч фотаработ, прадстаўленых журы міжнароднага фотаконкурсу імя Андрэя Сценіна. Агулам заяўкі на ўдзел у конкурсе у 2018 годзе падалі маладыя фотарэпарцёры з 77 краін.
Таццяна Ткачова: мы хочам быць прыгожымі ў любым узросце

Серыя фотаздымкаў беларускага фатографа Таццяны Ткачовай "Сезоны Веры", прысвечаная 91-гадовай жыхарцы Валожына, выйшла ў фінал у намінацыі "Партрэт. Герой нашага часу".

"Я культуролаг, мне хацелася расказваць гісторыі, і аптымальны для мяне інструмент — гэта фатаграфія. Не адразу, але я зразумела, што хачу займацца праектнай фатаграфіяй — з дапамогай візуальнага шэрагу складаць гісторыю пра чалавека. І мая цэнтральная тэма як фатографа — гэта тэма жанчыны", — распавяла Ткачова падчас размовы ў прэс-цэнтры Sputnik Беларусь.

На момант падачы конкурснай заяўкі Таццяна Ткачова працавала фатографам-фрылансерам, і, па яе ўласным прызнанні, такая праца ў Беларусі вельмі няпростая.

"Гэта цяжка — працаваць фрылансерам, таму што не зусім праца ў Беларусі наладжана для таго, каб ты мог супрацоўнічаць з многімі СМІ. Зараз я стараюся працаваць і з камерцыйнымі здымкамі, і з рэпартажамі. Зарабіць можна, калі ты хочаш", — адзначыла суразмоўца.

Прызавыя месцы фіналістаў фотаконкурсу імя Андрэя Стенина будуць абвешчаныя 6 жніўня на сайце конкурсу stenincontest.ru. Узнагароды пераможцам уручаць восенню 2018 года, тады ж адкрыецца выстава іх работ у Маскве.

Фрагмент гутаркі з фатографам Таццянай Ткачовай слухайце на радыё Sputnik Беларусь.