Нашэсце касалапых: трэці за тыдзень мядзведзь выйшаў да людзей

У гэты раз мядзведзя, які бег уздоўж дарогі, сустрэлі ўначы на ​​абочыне трасы Мінск - Магілёў міліцыянеры - ім удалося перанакіраваць звера ў лес, каб забяспечыць бяспеку дарожнага руху.
Sputnik

МІНСК, 28 мая — Sputnik. Супрацоўнікі Бярэзінскага РУУС, вяртаючыся з начнога выкліку па дарозе Мінск — Магілёў, звярнулі ўвагу, што па ўзбочыне нехта хутка перасоўваецца. Яны запаволілі рух, каб разгледзець, хто гэта, і ўбачылі мядзведзя.

Праваахоўнікі зразумелі, што звер можа стаць пагрозай для ўдзельнікаў дарожнага руху, і вырашылі перанакіраваць яго ў лес. Яны ўключылі пробліскавыя маячкі і гукавы сігнал і прымусілі мядзведзя змяніць траекторыю руху — звер пераскочыў праз агароджу падзяляльнай паласы і схаваўся ў лясным гушчары на супрацьлеглым баку дарогі.

Нагадаем, гэта ўжо трэці за тыдзень выпадак з'яўлення мядзведзяў у полі зроку людзей у нашай краіне. У сераду 22 мая кіроўца зняў на відэа бурага мядзведзя непадалёк ад Мінска каля вадасховішча Вяча. Яшчэ адзін касалапы быў заўважаны ў нядзелю 27 мая на лясной дарозе паблізу вёскі Жалязняк Віцебскага раёна — яго таксама паспеў засняць аўтамабіліст.

Абодва мужчыны былі вельмі здзіўлены сустрэчай з дзікім зверам, адзін з іх нават прызнаўся, што не ведаў пра тое, што мядзведзі жывуць у Беларусі.