МІНСК, 30 мая — Sputnik. Добраахвотнікаў запрашаюць далучыцца да акцыі па чыстцы возера Нарач, якая пройдзе ў Мядзельскім раёне 2 чэрвеня.
Да ўдзелу запрашаюць як сертыфікаваных дайвераў, так і ўсіх, хто неабыякавы да экалагічнага стану беларускіх азёр. Удзельнікі акцыі ўладкуюць турыстычную стаянку "Лагер" каля Мядзеля, непадалёк ад вёскі Гатавічы.
Дайверы будуць чысціць дно возера, якое прымыкае да стаянкі. Арганізатары акцыі Мінскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Мядзельскі райвыканкам паведамілі, што да гэтай працы будуць дапушчаныя толькі сертыфікаваныя падводнікі. А вось прыбраць прыбярэжную тэрыторыю або аказаць маральную падтрымку змогуць усе жадаючыя.
Акцыя праходзіць у межах кампаніі па ўладкаванні малой радзімы, усім удзельнікам арганізатары абяцаюць даць пакеты для збору смецця і пальчаткі, а таксама правесці конкурсы і ўручыць памятныя дыпломы.