Фіналістка "Ты супер!": хочацца ўбачыць бабулю і маму

Вера Ярошык з "Ты супер!" распавяла Sputnik пра нязвыклы маскоўскі тэмп, труса Шакаладава і пра тое, як "не забіць на вучобу" падчас праекта.
Sputnik

На дні адчыненых дзвярэй у дзіцячым доме аграгарадка Дзівін уключылі запіс выступу Веры Ярошык. На відэа шаснаццацігадовая выхаванка дзіцячага дома перад журы і мільёнамі тэлегледачоў спявае песню "Обiйми". У прэс-цэнтры Sputnik фіналістка конкурсу "Ты супер!" распавяла аб планах на будучыню і прызналася, што хоча як мага хутчэй вярнуцца дадому.

Як Sputnik сустракаў фіналістку "Ты супер!" Веру Ярошык

Адчынены дзверы для Веры

Вакалам Вера Ярошык, якую на праекце называлі проста Вярошык, пачала займацца ў шэсць гадоў. Яна скончыла музычную школу па класе цымбалаў і ўжо трэці год навучаецца гульні на фартэпіяна. "Ты супер!" — не першы конкурс для Веры, яна ўжо станавілася фіналісткай песеннага конкурсу ў Беларусі і нават сустракалася з прэзідэнтам. А дзякуючы конкурсу "Ты супер!" Вера сустрэлася з расійскімі музыкамі і прадзюсарамі.

На праекце песні дзяўчына не выбірала, з некаторымі з іх справіцца было нялёгка. Лягчэй за ўсё далася тая самая "Обiйми". Дарэчы, з экранаў расійскага тэлебачання Вера выканала і песню на беларускай мове. Цяпер яна вольная ў выбары рэпертуару. Вера хацела б праспяваць песні Арыяны Грандэ, а вось расійскіх выканаўцаў яна амаль не слухае, але, калі хтосьці прапануе праспяваць разам, Вера будзе рада. Прадзюсар Віктар Дробыш ужо сказаў, што яго студыя для Веры адкрыта. Але цяпер яна адпраўляецца дадому — у Дзівінскі дзіцячы дом.

Финалистка "Ты супер!" Вера Ярошик в Минске

Вера паглыблена вывучае беларускую і англійскую мовы, але на праекце на вучобу часу не заставалася. Яна спадзяецца, што ў наступным годзе гастролі не перашкодзяць вучобе.

"Спадзяюся, настаўніца мне нічога не зробіць", — смяецца Вера і дадае: "Я не дурная, я спраўлюся".

З дзіцячага дома пасля фіналу ёй напісалі нямногія.

"Можа, проста баяцца маёй рэакцыі. У нас дружная атмасфера, але ў кожнага — свая кампанія. Затое нядаўна лепшыя сяброўкі даслалі мне фота, на якім бачна, што на дне адчыненых дзвярэй дзіцячага дома ўключылі відэа майго выступу з песняй "Обiйми". Не ведаю, чаго чакаць, калі прыеду ў Дзівін, напэўна, мяне там разарвуць", — смяецца Вера.

Финалистка "Ты супер!" Вера Ярошик в Минске

Зараз у яе ёсць нават група прыхільнікаў яе творчасці ў адной з сацыяльных сетак. Там пакуль 300 падпісчыкаў, але Вера прызнае, што раней з ёй такога не здаралася. Дзяўчынка, якая займаецца рэкламай групы, робіць гэта па ўласнай ініцыятыве.

"Яе клічуць Аня, я дасылаю ёй фатаграфіі. Многія пішуць, я ўсім імкнуся адказваць", — прызналася Вера.

Куды вы ўсе бяжыце?

Галоўныя ўспаміны аб праекце звязаныя з новымі сябрамі.

"На праекце ў нас з'явіўся трусік. Мой сябар Багдан не змог прайсці міма яго, калі гулялі па Маскве. Шакаладавым труса назвалі таму, што іншы мой сябар Арцём, прачнуўшыся сярод ночы, раптам сказаў "Шакаладаў прыедзе". Так і прычапілася — трусік Шакаладаў", — успомніла Вера.

А вось тэмп жыцця Масквы для Веры нязвыклы. Па Маскве яна хадзіла з новым сябрам Багданам.

Финалистка "Ты супер!" Вера Ярошик в Минске

"Я гуляла па Чыровнай плошчы, па Цвярской, па парку сярод фантанаў. Масква настолькі прыгожы горад, але аднаго я не разумею: куды спяшаюцца людзі? Мы гулялі з адным Багданам, і я не разумела: куды ты спяшаешся? У Брэсце шпацыруюць павольна, нікуды не спяшаюцца", — параўнала Вера жыццё ў двух гарадах.

Крыху хочацца дадому

Пра атмасферу за кулісамі конкурсу можна меркаваць па рэакцыі Веры на магчымасць хоць бы дыстанцыйна пабачыцца з Анастасіяй Пак, журналісткай НТБ, якая працавала з удзельнікамі за кулісамі.

"Я зараз заплачу", — прызналася Вера, калі на экране з'явілася Анастасія.

Анастасія распавяла, што Вера для яе зараз не толькі сур'ёзная артыстка, але і дарослы мудры чалавек, які ў свае шаснаццаць гатовы дараваць крыўды. У тым ліку маці, якую пазбавілі бацькоўскіх правоў, калі дзяўчынцы было тры гады. Вера не проста даравала маці, але і прызналася, што хоча хутчэй вярнуцца ў родны аграгарадок і ўбачыцца з ёй, і з бабуляй, і з братам. Калі дзяўчынка пасля фіналу конкурсу патэлефанавала бабулі, тая ледзь не расплакалася.

"Крыху хочацца дадому", — прызнала Вера.

Поўнае відэа першай у жыцці Веры Ярошык прэс-канферэнцыі глядзіце на Sputnik.