Добра жыць і не тужыць, або Народныя парады для мужоў і жонак

Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае цікавыя прыкметы пра сужэнства і вучыць гатаваць поліўку з рабрынкамі.
Sputnik
Нашы продкі заўсёды падкрэслівалі важнасць трывалых шлюбных адносінаў. У народзе існавала шмат цікавых прыкмет,  "як добра жыць і не тужыць".
Навошта кувае зязюля і што пра гэта кажуць у народзе
Многа цікавых назіранняў па гэтай тэме ёсць у этнографа Чэслава Пяткевіча. Піша ён пра Палессе, але заўвагі падыходзяць да адносінаў паміж мужам і жонкай па ўсёй тэрыторыі Беларусі, таму што адрозніваюцца толькі ў некаторых рэгіёнах.
Вясковая культура беларускага сялянства ў дачыненні да сямейных адносінаў удасканальвалася стагоддзямі. У выніку з'явіліся пэўныя звычаі, парушэнне якіх было непрымальным. Напрыклад, лічылася, што паўторная жаніцьба, як і частая змена месца жылля, не дае чалавеку паўнаважна пражыць сваё жыццё — пусціць карані, выхаваць дзяцей. Менавіта таму ў народзе казалі: "Не дай Божа часта жаніцца і часта сяліцца".
Сужэнства (шлюб) — ёмкае беларускае слова, якое практычна забыта ў наш час.  Лічылася, што першая жонка — ад Бога, другая — ад людзей, а трэцяя — ад чорта.

Жаніцьба ёсць, а "разжаніцьбы" няма

Нашы продкі лічылі, што дваццацігадовы юнак ці сямнаццацігадовая дзяўчына мелі права ўступіць у шлюб толькі ў тым выпадку, калі гэта не пярэчыла волі бацькоў. Самавольная жаніцьба па каханню была вельмі рэдкім выпадкам і асуджалася вясковай супольнасцю. У такіх выпадках часта не абыходзілася без скандалаў: бацька паграджаў сыну праклёнам і пазбаўленнем спадчыны.
Звычайна жонку для сына бацькі шукалі ў сваёй вёсцы, паколькі суседскія дзяўчаты ім былі добра вядомыя.
Здаралася так, што юнаку, каб пазбегнуць моцнага ўплыву цёшчы на хатнія справы, раілі не браць жонку са свайго сяла. Таму часта бацькі засылалі сватоў у суседняе і абіралі нявестку сярод незнаёмых сыну кандыдатак. Бацькам было абыякава, ці прывабная яна знешне, ці заможная, а на ўзрост звярталі ўвагу, толькі каб яна не выглядала як маці свайго мужа.  
Галоўнае патрабаванне да будучай нявесткі — разуменне гаспадаркі, працавітасць, сціпласць і добрае здароўе. Апошні крытэр тлумачыўся тым, што "мужык любіць толькі сястру багатую, а жонку здаровую".

"Галышы тыкаюць, а нам не гадзіцца"

Існавалі свае традыцыі і ў зносінах паміж мужам і жонкай. Яны павінны былі заўсёды звяртацца адзін да аднаго па імені і на "ты". Звычай "выкаць" існаваў толькі паміж заможнымі і тлумачыўся тым, што толькі "галышы тыкаюць, а нам не гадзіцца".
Інфаграфіка
Як па-беларуску называць сваякоў жаніха і нявесты пасля вяселля?
Знаходзячыся сярод чужых без жонкі, муж казаў "мая жонка", "баба", "хазяйка" або "гаспадыня", а жонка пра мужа "мой мужык", "чалавек", "хазяін", а часам "гаспадар", у прысутнасці радні называлі сябе па імёнах.
Прозвішчы жонак узнікалі шляхам далучэння канцовак —ыха, —іха да афіцыйнага прозвішча мужа. Напрыклад, Таўмач — Таўмачыха, Бурак — Бурачыха, Верабей — Верабеіха. Тыя самыя канцоўкі, дададзеныя да імёнаў мужоў, служылі імёнамі жонак: Хведар —  Хведарыха, Васіль — Васіліха і іншыя. Таксама ж і мянушкі мужоў аналагічным спосабам даставаліся жонкам: Шэпелюн — Шэпелюніха, Лізун — Лізуніха.

Жонка не рукавіца, з рукі не скінеш

У кнізе "Грамадская культура Рэчыцкага Палесся" Чэслаў Пяткевіч пісаў: "Сужонкі звычайна жывуць досыць згодна, калі не лічыць розных сутыкненняў, спрэчак, а часам і лаянкі, чаго цяжка пазбегнуць у іх працоўным жыцці. Сваркі ўзнікаюць раптоўна і гэтаксама хутка патухаюць, не пакідаючы прыкрых слядоў на раўнавазе і гармоніі сямейнага гурта".
У народзе пра гэта казалі так: "Мужык з жонкаю — то як бліскаўка, паморгае, пагрукае, да й як бы ні ў чом не бывала".
Цікава, што пяшчотныя і выключна дабразычлівыя прылюдныя паводзіны мужа ў дачыненні да жонкі выклікалі абурэнне. Таму мужу раілі: "Любі сабе жонку як душу, ды трасі як грушу".
Менавіта таму, напачатку сужэнства малады муж імкнуўся трымаць жонку ў дысцыпліне дзеля замацавання сваёй улады, якая з цягам часу слабела, і муж з жонкай ядналіся паміж сабой. Пра такія адносіны казалі: "Мужык і жонка  — адна машонка".
Прыкладам ладу ў сям'і лічылася тое, што у самых важных справах, напрыклад, будаўніцтва ці перабудова хаты, абмен свойскай жывёлы і многае іншае, муж заўсёды раіўся з жонкай.

Адкуль пайшоў выраз "вадой не разліць"?

Пра сужэнцаў, якія былі моцна з'яднанымі ў каханні, казалі "вадой не разліць". І гэты выраз меў сваю гісторыю.
Маладых яшчэ ў бацькоўскай хаце вучылі правілам паводзінаў у сужэнстве. Напрыклад, у спрэчках яны павінны былі заўсёды саступаць адзін аднаму. Калі хтосьці не хацеў, пачыналася амаль штодзённая бойка, справа магла дайсці нават да сінякоў. Калі падчас такіх спаборніцтваў у хату заходзіў сусед, то прынята было крычаць: "Вады! Вады!". Так на вёсцы звычайна суцяшалі бойкі сабак.

Калі можна біць жонку

Калі пасля перыядычных боек у выхаванні жонкі перамагаў муж, то яна вельмі рэдка заставалася пры ім ў такім прыніжэнні і пакоры: часта пакідала яго з дзецьмі і адыходзіла да радні ў прочкі.
Гэтым часам на мужа звальваўся догляд дзяцей і ўся жаночая праца па гаспадарцы, і ён вымушаны быў шукаць шляхоў прымірэння з жонкай з дапамогай родзічаў і прыяцелек.
Жонка добра разумела, што апошняе слова застанецца за ёй, доўга была няумольнай. Нездарма ў народзе казалі: "Бабы не пераможаш і табакі не ператрэш!"
Жонка вярталася дадому пасля працяглых перамоў і працягвала далей кіраваць домам, а мужу нічога не заставалася, каб пагадзіцца з лёсам.
Яшчэ сто гадоў таму ў вёсцы лічылася нормай біццё жонкі мужам, але садызм і калецтва асуджаліся. Такога чалавека жонка магла пакінуць назаўсёды.
Муж мог пабіць жонку за бяздумнасць, гультайства, марнатраўнасць, неахайнасц і п'янства, а за здрады ўвогуле выганяў з хаты.
Каб муж, які прыйшоў з працы галодны, быў задаволены сваёй каханай, прапаную гаспадыням рэцэпт простай і смачнай стравы — поліўка з рабрынкамі.
Інгрэдыенты:
Як гатаваць:
Неабходна зварыць курыны булён, дадаўшы туды цыбуліну, соль па смаку і некалькі гарошын чорнага перцу. Пасля гэтага развесці ў халоднай гатаванай вадзе некалькі лыжак пшанічнай мукі і ўліць паціху ў гарачы булён, увесь час мяшаючы, каб не ўтварыліся камячкі. Павінна атрымацца рэдкая мачанка.
Асобна падсмажыць столькі свіных рабрынак з цыбуляй, колькі будзе порцый. Пакласці іх разам са смажанай цыбуляй у поліўку, дадаць лаўровы ліст і крыху паварыць.
Жадаю сужэнцам смачна есці і добра жыць — не тужыць.