Вось ужо восем гадоў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі захоўваецца адзіная ў краіне скрыпка Андрэа Гварнеры, дзеда вядомага скрыпічнага майстра Джузэпэ Гварнеры, заснавальніка знакамітай дынастыі італьянскіх скрыпічных майстроў.
Кошт інструмента не абвяшчаецца, ён быў набыты па даручэнні кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі.
Карэспандэнтам Sputnik атрымалася ўбачыць скрыпку 1673 года і пачуць яе непаўторнае гучанне.
Ліст прэзідэнту
Музыкі, якім давялося граць на інструменце, які захоўваецца ў акадэміі, адзначаюць: ён сапраўды незвычайны. Неяк лягчэй ідзе смычок і зручней трымаць саму скрыпку. Але самае галоўнае — тэмбр у яе "свой, асаблівы, мяккі".
Старадаўні інструмент работы майстра Андрэа Гварнеры акадэмія набыла ў 2010 годзе. Рэктар навучальнай установы доктар мастацтвазнаўства, прафесар Кацярына Дулава ўспамінае: "Так здарылася, што наш выдатны скрыпач, у той час ён быў яшчэ студэнтам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Арцём Шышкоў прымаў удзел у адным з самых складаных выканальніцкіх конкурсаў у свеце — XIII Міжнародным конкурсе імя Пятра Ільіча Чайкоўскага. Ён выйшаў у другі тур. І, вядома, мы чакалі перамогі: для нас яна была вельмі важная. Аднак у фінал Арцём не трапіў".
"Пасля конкурсу ў Беларусь прыйшоў ліст. Выдатныя дзеячы сусветнага музычнага мастацтва, народныя артысты СССР Юрый Башмет і Уладзімір Співакоў, якія прысутнічалі на спаборніцтве, асабіста звярнуліся да беларускага прэзідэнта, кажучы пра тое, што скрыпач Арцём Шышкоў неверагодна таленавіты, і ён мог бы спаборнічаць і далей, калі б у яго руках быў інструмент іншай якасці", — дадае Кацярына Мікалаеўна.
Рэктар тлумачыць: музыканты выдатна ведаюць пра тое, што на конкурсах такога ўзроўню, дзе выканальніцкае майстэрства ўдзельнікаў адточана практычна да дасканаласці, 80-90% поспеху выступлення залежыць ад таго, на якім інструменце музыкант выконвае конкурсную праграму.
"Не сакрэт, што для ўдзелу ў буйных творчых спаборніцтвах некаторыя выканаўцы атрымліваюць права граць на калекцыйных інструментах, якія захоўваюцца ў знакамітых дзяржаўных або прыватных зборах унікальных музычных інструментаў", — кажа рэктар.
"Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка адгукнуўся на зварот, і па яго даручэнні былі выдзелены сродкі на куплю гэтага ўнікальнага інструмента. Фундатарамі выступілі ААТ "Нафтан" і ААТ "Белтрансгаз", — дадае яна.
Няма роўных па статусе
Кошт скрыпкі у акадэміі не ўдакладняюць: гэтая інфармацыя не падлягае разгалашэнню. Аднак вядома, што ў свеце інструменты майстры Джузэпэ Гварнеры каштуюць мільёны долараў. Скрыпкі яго дзеда Андрэа Гварнеры крыху танней.
"У выніку вельмі няпростых конкурсных працэдур, праслухоўвання і выканальніцкіх пробаў некалькіх інструментаў выбар быў зроблены на карысць той скрыпкі, якая сёння знаходзіцца ў нас. І роўнага ёй па якасці і статусу інструмента ў нашай краіне не існуе", — запэўнівае Кацярына Мікалаеўна.
Аб унікальнай скрыпцы, якая знаходзіцца сёння ў Беларусі, вядома не занадта шмат. Яна была створана ў 1673 годзе ў італьянскім горадзе Крэмона. Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі набыла інструмент у адным з вядомых гандлёвых дамоў Вялікабрытаніі.
"Усё, што неабходна для атрыбуцыі інструмента, сёння ёсць у нашым распараджэнні — поўнае апісанне скрыпкі, яе фатаграфіі, усе неабходныя дакументы, якія сведчаць аб яе сапраўднасці", — кажа Кацярына Дулава.
Разам са скрыпкай быў набыты і смычок, які створаны ў Францыі, як мяркуецца, у 1860 годзе майстрам Генры.
"Смычок крыху больш позняга часу, але ён адрозніваецца пышнымі канструктыўнымі характарыстыкамі, якія дазваляюць дасягнуць асаблівых якасцяў гучання. Падчас сустрэчы ў Мінску з творчай моладдзю Уладзімір Співакоў паспрабаваў і скрыпку, і смычок. Выбітны выканаўца выказваў сваё захапленне", — адзначае рэктар.
Інструмент захоўваецца ў спецыяльных умовах. Кансультаваў акадэмію па гэтым пытанні дырэктар расійскай Дзяржаўнай калекцыі ўнікальных музычных інструментаў Міхаіл Гаранок. Так, адным з важных фактараў захоўвання з'яўляецца вільготнасць — яна павінна адпавядаць строга ўстаноўленаму ўзроўню.
"А яшчэ інструменту неабходны рэгулярны агляд. Для гэтых мэтаў у акадэміі працуе спецыяльная камісія. Мы таксама плануем звярнуцца ў Міністэрства культуры па дапамогу ў арганізацыі кансультацый па стане скрыпкі з майстрамі, якія маюць досвед работы з унікальнымі старадаўнімі інструментамі. Напрыклад, з Расійскага нацыянальнага музея музыкі ў Маскве", — распавядае Кацярына Мікалаеўна.
Скрыпка для перамог
У акадэміі не хаваюць: скрыпка Гварнеры была набыта для таго, каб атрымліваць перамогі. І сваё з'яўленне ў Беларусі яна ўжо апраўдала.
Інструмент станавіўся ўдзельнікам музычных падзей сусветнага маштабу, сярод якіх Міжнародны фестываль Юрыя Башмета.
Яго маглі пачуць госці ўрадавых мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў тым ліку Міністэрствам культуры, Міністэрствам замежных спраў.
А ў сакавіку гэтага года скрыпку трымаў у руках Аляксандр Лукашэнка. Адбылося гэта на сустрэчы кіраўніка дзяржавы з творчай моладдзю, куды была запрошаная студэнтка магістратуры акадэміі Паліна Чарнеўская.
"Наша маладая скрыпачка дэманстравала гэты інструмент, распавядала пра яго перавагі. Аляксандр Рыгоравіч папрасіў патрымаць яго і пацікавіўся, у чым заключаюцца перавагі скрыпкі Гварнеры. Для нас, вядома, такая высокая ўвага вельмі важна", — адзначае Кацярына Дулава.
У гісторыю скрыпкі Андрэа Гварнеры ў беларускім перыядзе ўжо ўпісаныя вялікія перамогі. Самая значная была здабытая ў 2012 годзе, калі Арцём Шышкоў упершыню ў гісторыі Беларусі стаў лаўрэатам аднаго з самых складаных і прэстыжных музычных конкурсаў у свеце — Конкурсу імя каралевы Лізаветы ў Бельгіі.
"Вядома, гэта сведчыла аб тым, што інструмент найвышэйшага класа ў Беларусі з'явіўся невыпадкова: мы ўсе выдатна разумеем: для таго, каб гэтая ўнікальная скрыпка "адкрылася" і загучала, трэба майстэрства, якое сёння могуць прадэманстраваць выхаванцы беларускай скрыпічнай школы", — адзначае рэктар.
Да глыбіні душы
Скрыпка Гварнеры набыла ў Мінску рэпутацыю асаблівай. Музыкі адзначаюць, што яна мае зусім іншае, адрознае ад любога інструмента гучанне.
"Калі бярэш яго ў рукі, проста зліваешся з ім у адно цэлае. А на конкурсах нават не адчуваеш такога моцнага хвалявання, таму што задавальненне, якое атрымліваеш падчас ігры, кампенсуе ўсе страхі", — распавядае Кацярына Пукст, скрыпачка, старэйшы выкладчык акадэміі і ўнучка знакамітага беларускага кампазітара Рыгора Пукста.
У першы раз яна ўзяла ў рукі скрыпку Гварнеры, калі вучылася на пятым курсе і збіралася прадставіць Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі на Еўрапейскім фестывалі музычных акадэмій у Варшаве.
"Гэта, вядома, быў для мяне велізарны гонар. Дзякуй рэктару акадэміі Кацярыне Мікалаеўне Дулавай — не кожнаму музыканту давяраюць выкананне на такім інструменце", — прызнаецца Кацярына Пукст.
У акадэміі не хаваюць: скрыпка трапляе ў рукі толькі самых таленавітых выканаўцаў.
"У руках кожнага выканаўцы яна раскрываецца па-свойму. Кожны музыкант, паспрабаваўшы дакрануцца да інструмента, сыграць на ім, адчуваў высокія прафесійныя якасці скрыпкі і адчуваў сапраўднае захапленне", — рэзюмуе Кацярына Дулава.
Цікавыя факты
- Скрыпкі Антоніа Страдывары і Андрэа Гварнеры праславіліся тым, што іх гучанне не можа прайграць ні адзін сучасны вытворца. Цяперашнія майстры выкарыстоўвалі той жа тып драўніны, геаметрыю і нават адмысловыя прыёмы вырабу. Але іх спробы, нажаль, аказаліся марнымі.
- Тайваньскія навукоўцы прыйшлі да высновы, што ўся справа ў драўніне, якая падвяргалася хімічнай апрацоўцы з удзелам алюмінія, кальцыя і медзі. Не выключана, што ў такім выглядзе яна ўжо паступала Гварнеры і Страдывары.
- Прозвішча Гварнеры прадстаўляюць дзесяць скрыпічных майстроў, найбольшая слава дасталася ўнуку Андрэа — Джузэпэ, які атрымаў мянушку "дэль Джезу" ("ад Езуса"), магчыма, за тое, што рабіў скрыпкі ў асноўным на сродкі царквы і падпісваў іх манаграмай IHS (Ісус Хрыстос Збаўца).
- Да нас дайшлі каля 250 інструментаў Андрэа Гварнеры.