МІНСК, 8 чэр — Sputnik. Арганізатары ралі "Шаўковы шлях" прадставілі маршрут гонкі, якая пройдзе ў гэтым годзе па тэрыторыях Кітая і Расіі з 15 па 27 ліпеня.
Усяго гонка падзелена на дзесяць этапаў. Першы стартуе з кітайскага горада Сіань, а фініш традыцыйна будзе на Чырвонай плошчы ў Маскве.
Пілоты падчас ралі-марафона пераадолеюць амаль шэсць тысяч кіламетраў, з якіх крыху больш за палову прыйдзецца на спецучасткі.
Свае планы ўдзелу ў "Шаўковым шляху" агучвала і беларуская каманда "МАЗ-СПОРТаўта". У мінулым годзе лепшым з беларусаў стаў экіпаж Сяргея Вязовіча — ён заняў пятае месца ў заліку грузавікоў.
На прэзентацыі таксама было агучана, што ўжо праз два гады "Шаўковы шлях" стане транскантынентальным. У 2020-м у планах арганізатараў — стартаваць з Парыжа, праехаць па тэрыторыях Германіі і Фінляндыі, затым праз Санкт-Пецярбург і Маскву прайсці ў Пекін.