МІНСК, 12 чэр — Sputnik. Цэнтралізаванае тэсціраванне (ЦТ) па беларускай мове ў аўторак пройдзе амаль 25 тысяч абітурыентаў па ўсёй рэспубліцы, паведамляе Sputnik.
Цэнтралізаванае тэсціраванне афіцыйна стартуе 12 чэрвеня і працягнецца да 2 ліпеня. На працягу гэтага часу абітурыенты будуць здаваць іспыты па профільных прадметах, каб потым паступіць у абраныя ВНУ.
Традыцыйна, ЦТ пачынаецца з іспыту па беларускай мове. У гэтым годзе на прадмет зарэгістравана 24 908 абітурыентаў. Аднак магчыма, што не ўсе прыйдуць на выпрабаванне — у мінулым годзе "прагулялі" тэсціраванне па "белмове" больш за тысячу чалавек.
Вынікі ЦТ павінны з'явіцца на працягу дзесяці дзён — іх можна чакаць ужо 22 чэрвеня. У такі ж тэрмін будуць публікаваць вынікі тэсціравання і па іншых прадметах.
ЦТ працягнецца ў чацвер — абітурыенты будуць здаваць тэсты па рускай мове. Як і ў мінулыя гады, гэты прадмет выбірае пераважная большасць абітурыентаў — амаль 67 тысяч чалавек.
Чытайце правілы праходжання ЦТ у спецыяльнай памятцы Sputnik.