Рэжысёр Андрэй Прыкатэнка: не трэба рабіць з гледачоў шэрую масу

Модны расійскі рэжысёр раскрыў карэспандэнту Sputnik Алесі Шаршнёвай сакрэты новага спектакля, які прадставіць на сцэне Купалаўскага тэатра гэтай восенню.
Sputnik

Шэкспір на галоўнай акадэмічнай пляцоўцы Беларусі паўстане нечаканым і інавацыйным. П'еса "Сон у летнюю ноч" — не першая праца кіраўніка Навасібірскага драматычнага тэатра "Стары дом" Андрэя Прыкатэнкі з матэрыялам англійскага драматурга. Да гэтага ён паставіў на сваёй сцэне спектакль "Sociopath/Гамлет". У беларускую сталіцу рэжысёр прыехаў па запрашэнні Мікалая Пінігіна.

Пінігін: нацыі ў нас пакуль яшчэ няма, а нацыянальнаму тэатру хутка сто год

"Я атрымаў прапанову зрабіць нейкую працу, матэрыял мы выбіралі разам з тэатрам. Пошук матэрыялу — гэта складаны працэс, які ўяўляе сабой сукупнасць розных абставінаў — гэта павінна быць цікава не толькі мне, але і тэатру, і яго артыстам", — падкрэслівае рэжысёр.

Паводле яго слоў, праца з Шэкспірам заўсёды вельмі цікавая з-за архетыпічных сюжэтаў, якія немінуча прыцягваюць увагу гледача.

"Калі, напрыклад, зладзіць сваё вяселле ў Эрмітажы, гэта абавязкова прыцягне ўвагу вялікай колькасці людзей. Вось і з Шэкспірам прыкладна так", — тлумачыць Прыкатэнка.

Калізей пераедзе ў Мінск

Рэпетыцыі на беларускай сцэне ўжо ідуць поўным ходам, акцёрская трупа сабралася яшчэ ў красавіку. За пару месяцаў пастаноўка паспела заінтрыгаваць беларускіх тэатралаў. Чакаецца, што на час паказу Купалаўскі ператворыцца ў Калізей — гледачы будуць сядзець не толькі ў зале, бенуарах, бельэтажы, але і на сцэне.

Будуць выкарыстоўвацца і незвычайныя тэхнічныя рашэнні, мноства спецэфектаў.

Сам рэжысёр пра інавацыйнасць свайго спектакля кажа так: "Праблема некаторых тэатраў заключаецца ў доўгіх і нудных гісторыях. Як суразмоўца, на сярэдзіне размовы з якім ты ўжо разумееш, што ён меў на ўвазе. Да вельмі простых думак рэжысёры прыходзяць складанымі шляхамі, на што ў гледача проста не хапае цярпення — гэта непазбежна ў сілу змяненняў, якія адбываюцца ў сучасным свеце. Асаблівасць гэтай пастаноўкі як раз у тым, што яна будзе шматслаёвай. Глядач хутка атрымае вялікі аб'ём інфармацыі".

Па словах Прыкатэнкі, спектакль распавядае пра прыгажосць і пра тое, якая ў ёй хаваецца моц.

"Прыгажосць — гэта самае галоўнае ў жыцці, а ўсё астатняе другаснае", — упэўнены рэжысёр.

Прэм'ера запланавана на 8 верасня, і гледачам Андрэй прапануе "расслабіцца, выкінуць з галавы ўсе свае прадузятасці і паглядзець гісторыю з лёгкім сэрцам".

"Сярод гледачоў хапае олдскульных персанажаў"

З Беларуссю ў Прыкатэнкі асаблівыя адносіны: яго бабуля родам з-пад Гомеля, таму расійскі рэжысёр кажа, што "карані яго тут". Акрамя таго, у Мінску ўжо бачылі яго спектакль "Мой бедны Марат" паводле п'есы Аляксея Арбузава.

"Рэвізор" па-беларуску: у Купалаўскім прадставілі новае прачытанне Гогаля

Нягледзячы на гэтыя абставіны, Андрэй перакананы, што "яшчэ не ведае беларускага гледача".

"Сярод гледачоў заўсёды знойдуцца людзі цікавыя, якія любяць чытаць і шмат ведаюць. Хапае і олдскульных, калматых персанажаў, поўных якіх-небудзь уяўленняў і стэрэатыпаў. У іх галовах класіка выглядае як жахлівае заскарузлае паняцце і абмяжоўваецца парай спектакляў, якія яны бачылі. Такія нічога не ведаюць і не хочуць ведаць. Але я б не стаў рабіць з гледачоў шэрую масу — людзі розныя, і адгукаюцца яны на тое, што мы ім прапануем", — перакананы рэжысёр.

Да вечнай спрэчкі паміж класікай і сучаснымі пастаноўкамі Андрэй Прыкатэнка ставіцца талерантна — у тэатры павінна быць месца ўсім. Не важна, Чэхаў гэта ці нейкі малады драматург.

"Зрабіце спектакль актуальным, і глядач будзе на яго хадзіць", — падкрэслівае рэжысёр.

Дэмакратычную пазіцыю рэжысёр пацвярджае на ўласным прыкладзе: у планах у яго — узяцца за п'есу "З вучылішча" маладога беларускага драматурга Андрэя Іванова.