Вогненнае шоу і карагоды пад рок: як у Дудутках праходзіць "Свята сонца"

Нягледзячы на пахмурнае і прахалоднае надвор'е, на "Свяце сонца", якое праходзіць у Дудутках ў гэтыя выхадныя, горача ад запальных танцаў і асляпляльных усмешак. Чым запомніўся першы дзень фестывалю, чытайце ў рэпартажы Sputnik.
Sputnik

Музейны комплекс "Дудуткі" ўжо ў трэці раз прымае ў сябе "Свята сонца" — першы ў летнім сезоне маштабны музычны фэст. У гэтым годзе фолкавыя і рок-гурты выступалі адразу на дзвюх сцэнах, і гэта не адзіная навінка, якой парадавалі гасцей арганізатары фестывалю — так, напрыклад, упершыню на "Свяце сонца" выступіў гурт Volski.

У гэтым годзе фолкавыя і рок-гурты выступалі адразу на дзвюх сцэнах

Акрамя музычнага складніка, на ўсёй тэрыторыі музейнага комплексу наведвальнікам прапаноўвалі мноства актыўнасцяў. Так, можна было прыняць удзел у купальскім квэсце, які не толькі абяцаў каштоўныя прызы, але і забяспечваў самае поўнае прасякненне атмасферай салярнага свята, паколькі каб выканаць яго, трэба было адзначыцца на тэматычных пляцоўках.

Жадаючыя паспаборнічаць у сіле, спрыту або меткасці маглі знайсці занятак па душы: пазмагацца на мяккіх мячах, апрабаваць сапраўдныя рапіры, пастраляць з лука або арбалета.

Нават дзяўчаты хацелі пазмагацца са зброяй у руках

Горад майстроў

Непадалёк размясціўся горад майстроў, у якім рамеснікі традыцыйна прадставілі самыя разнастайныя вырабы — ад абрадавых цацак да зброі і ювелірных упрыгожванняў.

У рамеснікаў можна знайсці самыя разнастайныя вырабы - ад зброі да ювелірных упрыгажэнняў

Тут жа можна было даведацца пра свой лёс і набыць рунічныя абярэгі у Івана Мроева, таксама вядомага як вяшчун Рунавяз.

У рунічных абярэгаў са скандынаўскага, стара-англійскага, стараславянскага і іншых алфавітаў больш за 50 значэнняў. Прыкладна траціна з іх абяцаюць уладальніку дабрабыт, каля сямі — абарону і гэтак далей. Што ж тычыцца тлумачэння рун, Іван раіць тым, хто звяртаецца да яго, не пытацца пра будучыню, а прасіць савет.

Іван Мроеў раіць тым, хто звяртаецца да яго, не пытацца пра будучыню, а прасіць савет

Побач рамесніца Настасся прадае абярэжныя лялькі. Тут і "Неразлучнікі" — пара на адной руцэ, падарунак на вяселле ці на заручыны. Калі нараджаліся дзеці, лялькі рассоўваліся, і паміж імі дадавалі малых. Ляльку "Купаўку" рабілі на Купалле і спальвалі або сплаўлялі па рацэ — лічылася, што разам са стужачкамі сыходзяць беды і турботы. Лялька "Жаданніца" заўсёды вельмі прыгожая. Да яе трэба было прышыць гузік і загадаць жаданне, пасля чаго ляльку падносілі да люстэрка і казалі: "Глядзі, якая ты прыгажуня. Здзейсні маё жаданне".

Рамесніца Настасся прадае абярэжныя лялькі

У адной з альтанак непадалёк праводзілі майстар-класы па пляценні вянкоў — дзяўчаты выходзілі адтуль прыбраныя і вясёлыя, і часта ўпрыгожвалі вянкамі сваіх маладых людзей, не чакаючы, пакуль вянок па купальскай традыцыі прыплыве тым у рукі.

На майстар-класах дзяўчаты рабілі вянкі

Адкуль у традыцыйным беларускім уборы з'явілася клетка

Мужчын усіх узростаў больш цікавіла зброя, раскладзеная каля жывапісных намётаў шатландскай пяхоты.

Намёты шатландскай пяхоты

Тут можна было ўбачыць традыцыйныя круглыя шчыты — тарджы, лахаберскую сякеру — алебарду з гакам, прызначаным для таго, каб выдзіраць вершніка з сядла, якая з часам распаўсюдзілася па ўсёй Еўропе, і дырк — былы кінжал-нырачнік, у якога, як жартуе рэканструктар Ілля, "адваліліся ныркі" – шары на рукаяці.

Тэма шатландскай рэканструкцыі новая для Беларусі, і захопленыя ёй сутыкнуліся з цяжкасцямі пры зборы матэрыялу, нягледзячы на тое, што шатландскія найміты жылі на тэрыторыі ВКЛ — у асноўным у Слуцку, дзе ў іх нават была найбуйнейшая на тэрыторыі сучаснай Беларусі кірха, Навагрудку і Петрыкаве, дзе нумізмат і археолаг Валянцін Рабцэвіч знайшоў медны шатландскі пэні.

У гістарычным музеі з’явіліся рэдкія манеты ВКЛ

Спадніцы ў клетку ў традыцыйным беларускім касцюме, запэўнівае Ілля, пайшлі менавіта ад шатландскіх кілтаў, якімі, дарэчы, можна ахінуцца з галавой. Сама клетка называецца тартан, і ў кожнага клана — свой колер і малюнак. Ззаду кілт у разгорнутым выглядзе нагадвае ружу Шатландыі — чартапалох, спераду носяць паясную суму — споран.

Клуб існуе ўжо сем гадоў. Заснавальнік клуба Аляксандр распавёў, што галоўную задачу бачыць у тым, каб паказаць, як ваявала шатландская пяхота, данесці да людзей разуменне, што вайна — гэта дрэнна ў любым выглядзе. Разам з ім у клубе — жонка і сыны. Жанчыны ў Шатландыі, запэўнівае Аляксандр, змагаліся нароўні з мужчынамі, калі трэба было абараніць паселішча ад разбойнікаў.

Заснавальнік клуба гістарычнай рэканструкцыі Аляксандр

Прыцягнутыя грамавымі стрэламі да намётаў госці фестывалю з цікавасцю слухалі пра след шатландцаў у гісторыі Беларусі.

Тыя ж, у каго прагулка на свежым паветры абудзіла апетыт, маглі падсілкавацца на фудкорце або пакаштаваць традыцыйныя літоўскія стравы, такія як бліны жэмайчу і каўбаскі ведарай, або больш знаёмыя шашлык і смажаную бульбу.

Госці з Літвы прапанавалі свае традыцыйныя стравы

Запальная музыка і вогненнае шоу

Музыка з галоўнай сцэны, дзе народныя матывы і танцы "Яварныны" змянялі песьні гурта Re1ikt, FRAM, "Тролль гнет ель" і іншых хэдлайнераў фестывалю, далятала і да альтанак, дзе госці фестывалю з камфортам размяшчаліся за сталамі, і да мяккіх крэслаў, у якіх амаль ляжалі аматары кальяну.

Нягледзячы на пахмурнае надвор'е, многія былі басанож
Выступ гурта PAWA

Каля сцэны тым часам натоўп кіпеў — агульны карагод змяняўся вар'яцкімі падскокамі, многія ледзь наводдаль танцавалі народныя танцы або проста атрымлівалі асалоду ад музыкі.

Гурт FRAM сыграў добра вядомыя і новыя песні
Госці з Санкт-Пецярбурга - "Тролль гнет ель"
Гледачы вадзілі традыцыйныя карагоды і заклікалі на свята сонца

Калі сцямнела, пачалося адно з галоўных дзействаў вечара — вогненнае шоу.

Калі сцямнела, пачалося адно з галоўных дзействаў вечара - вогненнае шоу

Нягледзячы на тое, што ўсе меры бяспекі былі выкананыя і іскры не даляталі да гасцей за агароджай, натоўп пастаянна выбухаў спалоханымі воклічамі і гамам захаплення.

Іскры ляцелі ва ўсе бакі, але, вядома ж, не даляталі да гледачоў

Завяршылася "Свята сонца" традыцыйнымі скачкамі праз вогнішча — шмат гасцей нават не сталі раз'язджацца, а стомленыя, але задаволеныя разбрыліся па палатках, каб на наступны дзень атрымаць асалоду ад працяга фестывалю.