МІНСК, 18 чэр — Sputnik. Мексіканскі Інстытут геалагічных і атмасферных даследаванняў зафіксаваў у сталічным Мехіка "штучны землятрус" падчас трансляцыі матчу Чэмпіянату свету па футболе.
Па словах геалагічнай службы, падземныя штуршкі здарыліся ў двух раёнах мексіканскай сталіцы падчас гульні нацыянальнай зборнай з нямецкімі футбалістамі. Адзін з іх зафіксаваны праз некалькі секунд пасля таго, як Ірвінг Ласана забіў на 35-й хвіліне матчу адзіны мяч, які стаў пераможным для Мексікі.
Навукоўцы з Інстытута геалагічных і атмасферных даследаванняў адзначылі на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Twitter, што прыродная з'ява была выклікана скачкамі заўзятараў, якія святкавалі ўзяцце варот зборнай Германіі. Верагодна, мексіканскія геолагі пажартавалі і, такім чынам, адзначылі перамогу нацыянальнай каманды.
У нядзелю 17 чэрвеня зборная Мексікі перамагла каманду Германіі ў сваім стартавым матчы на ЧС-2018 з лікам 1:0.