Загінуўшых пры абароне Мінска салдат перапахавалі ў Валоўшчыне

Эксперты змаглі высветліць імёны трох воінаў, якія былі пахаваныя ў няўлічанай магіле з помнікам, - родныя салдат прысутнічалі на цырымоніі перапахавання і атрымалі іх медальёны.
Sputnik

МІНСК, 22 чэр — Sputnik. Рытуал перапахавання салдат, якія загінулі пры абароне Мінска ў 1941 годзе, прайшоў у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі вучэбнага цэнтра часцей Мінскага гарнізона "Валоўшчына", перадае карэспандэнт Sputnik.

Імёны загінуўшых герояў

Магілу невядомага салдата, дзе былі пахаваныя вайскоўцы Чырвонай арміі, якія ўдзельнічалі ў цяжкіх баях на подступах да Мінска ў раёне хутара Валоўшчына 26-28 чэрвеня 1941 года, многія гады даглядалі вайскоўцы вайсковай часці 5448 унутраных войскаў МУС.

У Брэсцкай крэпасці ўспомнілі ахвяр Вялікай Айчыннай вайны

Камандаванне ўнутраных войскаў і ветэранскай арганізацыі вырашыла высветліць, хто менавіта пахаваны ў гэтай магіле, і даведацца імёны загінуўшых, а помнік перанесці на тэрыторыю цэнтра.

У выніку падчас палявых пошукавых работ былі знойдзены астанкі 10 салдат і пяць медальёнаў. Па ўкладышах медальёнаў устанавілі імёны трох салдат, якія раней лічыліся прапаўшымі без вестак: Новікава Івана Афанасьевіча, Гурскага Мікалая Мартынавіча, Куніцкага Кіпрыяна Васільевіча. Усяго на палігоне "Валоўшчына" перапахавалі астанкі 10 воінаў.

"На жаль, застаюцца невядомымі імёны тысяч і тысяч герояў, якія загінулі, не зрабіўшы ні кроку назад. Тых, хто загінуў, не дазволіўшы ворагу ўзяць вышыню, хто выратаваў родную вёску, не пусціўшы ў яе карнікаў, хто аддаў жыццё ў жорсткім баі на перадавой. Яны не думалі пра славу, яны ішлі ў бой у імя Радзімы, дзеля тых, хто цяпер жыве", — звярнуўся да прысутных на цырымоніі намеснік камандуючага ўнутранымі войскамі палкоўнік Хазалбек Атабекаў.

Медальён салдата

Падчас цырымоніі перапахавання загінуўшых воінаў знойдзеныя медальёны перадалі іх дачкам. Яны прынялі іх са слязамі на вачах.

"З самага пачатку вайны, а ўжо 77 гадоў прайшло, мы не ведалі, дзе бацька загінуў, калі. Маме даслалі паперку, што загінуў без вестак. А ў мінулым годзе мне патэлефанавалі, што знайшлі яго медальён, сказалі, што загінуў ён паміж Ракавам і Валожынам. Сястра і брат мае памерлі, яны так і не даведаліся, дзе ляжыць бацька", — распавяла дачка аднаго з салдат Марыя Куніцкая.

Жанчыны не маглі стрымаць эмоцый, паколькі вельмі доўгі час хацелі даведацца, дзе пахаваны родныя ім людзі.

"Мы з мамай увесь час чакалі вестак. Глядзела тэлевізар і думала: "Усіх знаходзяць, чаму майго бацьку не знойдуць?" А праз тры тыдні мне патэлефанавалі і сказалі, што знайшлі. Я так узрадавалася! Вазьму трохі зямлі адсюль і завязу да маці на магілу", — са слязамі на вачах падзялілася дачка аднаго са знойдзеных воінаў Алена Купрыенка.

Памяць загінуўшых ушанавалі таксама вайскоўцы галоўнага ўпраўлення камандуючага ўнутранымі войскамі і воінскіх часцей Мінскага гарнізона. На перапахаванні прысутнічалі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і члены ветэранскіх арганізацый унутраных войскаў, а таксама кадэты са Спецыялізаванага ліцэя МУС.