Як рыбка Поньё загаварыла па-беларуску

Перад прэм'ерным паказам гледачы ўстанавілі рэкорд, сабраўшы 560 рыбак-арыгамі.
Sputnik

У холе кінатэатра "Масква" шматлюдна; прыхільнікі творчасці Хаяо Міядзакі прыйшлі, каб пачуць на роднай мове пра тое, што "канец свету адмяняецца", і паспрабаваць усталяваць рэкорд па самай масавай зборцы рыбак-арыгамі на час. Гэтая фігура была абраная не выпадкова — у рамках праекта "Беларускія ўікэнды" ў кінатэатры адбыўся прэм'ерны паказ культавага анімэ "Рыбка Поньё на ўцёсе". 

Большасць дарослых гледачоў прыйшлі з дзецьмі – нават немаўляткамі; малыя спяшаліся да століка з фарбамі: атрымаць на шчаку выяву галоўнай гераіні сённяшняй прэм'еры – Поньё. "А коціка можна?" – запыталася адна дзяўчынка, але сёння малявалі толькі рыбак.

Некаторыя гледачы прызнаюцца, што ўжо глядзелі "Рыбку Поньё", але, на іх думку, гэта адзін з тых фільмаў, якія можна пераглядаць бясконца. Мілы, кранальны, цёплы, а яшчэ ў нечым філасофскі — такімі словамі часцей за ўсё характарызуюць анімэ аматары японскай культуры.

Глядацкі зал запоўніўся амаль цалкам; на ўваходзе гледачы атрымлівалі паперу, з якой належыла складваць фігуркі. На зборку рыбак адводзілася тры хвіліны. Пасля прагляду навучальнага роліка, 506 прысутных у зале сабралі 560 фігурак. Рэкорд быў афіцыйна зафіксаваны ў прысутнасці прадстаўніка Кнігі рэкордаў краін Балтыі і СНД "Дзіва" Аляксандра Калініна. Сабраных рыбак пазней перададуць у падарунак выхаванцам Дзіцячага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця.

На прэм'ерным паказе прысутнічаў і пасол Японіі ў Беларусі Хірокі Такунага.

Паказ мульціка Хаяа Міядзакі на беларускай мове

"Мне вельмі прыемна прэзентаваць гэты фільм у Беларусі, і асабліва прыемна тое, што сёння ён упершыню прагучыць на беларускай мове. "Рыбка Поньё на ўцёсе" пераносіць сюжэт казкі Андэрсана "Русалачка" ў сучасную Японію і распавядае гісторыю дзіцячых прыгод і першага кахання", — сказаў пасол.

Поньё — маленькая рыбка, якая, пазнаёміўшыся з хлопчыкам Сооскэ, марыць стаць чалавекам. Для дасягнення сваёй мэты Поньё карыстаецца чарадзействам, прымусіўшы мора абрынуцца на сушу, так што свет аказваецца на мяжы глабальнай катастрофы.

"Рыбка Поньё на ўцёсе" — дзясяты па ліку поўнаметражны фільм Хаяо Міядзакі, уладальніка "Оскара" за выдатныя заслугі ў кінематографе і аўтара такіх знакамітых работ, як "Знесеныя прывідамі", "Хадзячы замак" і многіх іншых. Сама стужка ў 2008 годзе была намінаваная на "Залатога льва" — галоўны прыз Венецыянскага кінафестывалю, — і ўдастоена дзвюх спецыяльных узнагарод гэтага прэстыжнага кінафоруму, а годам пазней стала лепшым анімацыйным фільмам па версіі Японскай акадэміі.

Паказ мульціка Хаяа Міядзакі на беларускай мове

Героі культавага анімацыйнага фільма размаўляюць галасамі беларускіх актораў Святланы Цімохінай, Святланы Анікей, Наталлі Кот, Паўла Харланчука, Алеся Малчанава і тэлевядучага Яўгена Перліна. "Рыбка Поньё на ўцёсе" будзе ісці з 22 чэрвеня па 1 ліпеня — у кінатэатрах сеткі Silver Screen — у velcom cinema, Arena City І Galileo, c 21 па 24 чэрвеня ў кінатэатры "Масква", з 25 па 27 чэрвеня — у кінатэатры "Піянер".

За час рэалізацыі праекта "Беларускія ўікэнды" пры падтрымцы кампаніі velcom ужо адбыліся паказы такіх фільмаў, як "Хронікі Нарніі: леў, вядзьмарка і адзежная шафа", "Маленькі прынц", "Форэст Гамп", "Жонка наглядчыка заапарка", "Кніга Ілая", "Таямніца Кока"," Неверагоднае жыццё Уолтара Міці".