Відэа

Экзамен здадзены: як прайшоў турнір па лёгкай атлетыцы на стадыёне "Дынама"

Першая матчавая сустрэча па лёгкай атлетыцы адбылася на мінскім стадыёне "Дынама" напярэдадні. Як праходзілі спаборніцтвы, глядзіце на відэа Sputnik.
Sputnik

Абноўлены легендарны стадыён "Дынама" пасля шасцігадовай рэканструкцыі ўрачыста адчыніў свае вароты 21 чэрвеня, а ўжо на наступны дзень тут адбыўся першы афіцыйны турнір па лёгкай атлетыцы сярод зборных Беларусі, Украіны, Балканскіх краін і Прыбалтыкі.

На трыбуны падтрымаць айчынных спартсменаў прыйшло мноства заўзятараў. Беларускія лёгкаатлеты ў сваю чаргу паказалі выдатныя вынікі, атрымаўшы перамогу над прадстаўнікамі краін-удзельніц: так, бягуха Аліна Талай выйграла золата ў бегу на 100 метраў з бар'ерамі, а кідальнік молата Іван Ціхан заняў другое месца.

Песні, футбол і салют. Як адкрывалі абноўлены стадыён "Дынама"

Медалі беларускай зборнай таксама прынеслі кідальнікі кап'я Таццяна Халадовіч і Валерый Ізотаў, скакуны Андрэй Скабейка і Максім Недасекаў, малатабоец Павел Барэйша, штурхальніца ядра Алена Дубіцкая, бегуны Станіслаў Дарагакупец, Аляксандр Ліннік, Дар'я Барысевіч, Святлана Кудзеліч, Таццяна Шабанава і Эльвіра Герман. Дарэчы, пасля ўзнагароджання спартсменка падарыла выйграны срэбны медаль хлопчыку з ДЦП Паўлу Рашчынскаму, якога Герман запрасіла на "Дынама".

Мінскі стадыён "Дынама" афіцыйна адкрыўся 21 чэрвеня, удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве прыняў і прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Умяшчальнасць новага стадыёна складае больш за 22 тысяч гледачоў, сярод іх месца і для інвалідаў на калясках. У падтрыбунных памяшканнях арэны размясціліся канферэнц-залы, офісы, распранальні, склады, магазіны, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, сямейна-забаўляльны цэнтр, бары, кафэ і рэстараны.

З тэхнічнага пункту гледжання, аснашчэнне арэны самае сучаснае — падобных стадыёнаў няма ні ў Польшчы, ні ў Літве.

Ужо праз год тут жа, на дарожках і сектарах найбуйнейшага стадыёна сталіцы адбудуцца II Еўрапейскія гульні.

Як адзначыў кіраўнік Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі, пасля рэканструкцыі на стадыёне можна праводзіць не толькі беларускія спаборніцтвы, але і прымаць спаборніцтвы еўрапейскага і нават сусветнага узроўняў.

Дарэчы, Дзевятоўскі таксама адзначыў, што падчас адкрыцця арэны адбылася размова з Аляксандрам Лукашэнкам аб магчымым правядзенні на "Дынама" ЧЕ-2024 па лёгкай атлетыцы.