Фота

Варэнне-чылі, смаўжы і плоў: чым частавалі на свяце роднай ежы ў Мінску

Sputnik

Свята роднай ежы "Усё Сваё" прайшло ў Мінску ўжо ў другі раз. На адзін дзень панадворак ля Нацыянальнага гістарычнага музея ператварыўся ў сапраўдную гастранамічную пляцоўку. Беларускія фермеры прывезлі мінчанам пакаштаваць прадукты, якія самі вырасцілі або прыгатавалі сваімі рукамі.

Смаўжы па-бургундску, цэльназерневы хлеб на заквасцы, казіны сыр, варэнне з дзьмухаўцоў і перцу чылі, плоў, боршч, клёцкі, пірог з рэвенем і сіроп з хваёвых шышак — гэта няпоўны спіс далікатэсаў ад беларускіх вытворцаў. Уся ежа посная, таму што як раз цяпер ідзе Пятроўскі пост, якога прытрымліваліся нашы продкі.

Натуральныя прадукты можна было не толькі купіць, але і пакаштаваць абсалютна бясплатна, таму самыя хітрыя госці паспелі як след пад'есці.

Акрамя свята для жывата арганізатары зладзілі для аматараў slow food свята для душы — госці спявалі беларускія народныя песні, вадзілі карагоды і гулялі ў "Чарачку" і "Масток".

Глядзіце ў фотастужцы Sputnik, як прайшло самае смачнае і гасціннае свята гэтых выхадных.

1 / 16
Мядовыя рэкі і сырныя берагі сустракалі мінчан на свяце роднай ежы.
2 / 16
Фермеры прывезлі жыхарам каменных джунгляў натуральныя травы, з якіх атрымліваецца самы смачны і карысны чай.
3 / 16
Нягледзячы на дажджлівае надвор'е ў дворыку Нацыянальнага гістарычнага музея было не праціснуцца.
4 / 16
Цвік кулінарнай праграмы - слімакі з вёскі Даўгінава Карэліцкага раёна. Іх на першай смаўжовай фемре ў Беларусі вырошчвае Уладзімір Рабкоў са сваёй жонкай Вікторыяй. Муж і жонка прызнаюцца, што незвычайныя дэлікатэсы карыстаюцца попытам, часта іх вялікімі партыямі заказваюць на вяселлі і карпаратывы.
5 / 16
Смаўжы - выдатная крыніца бялку. Па сваіх якасцях мяса смаўжоў лепш за курынае, а па гусце нагадвае гавяджы язык.
6 / 16
Аматараў традыцыйнай ежы фермеры зазывалі пакаштаваць сала з часнаком.
7 / 16
Цэльназерневы хлеб, прыгатаваны на заквасцы без дрожджаў, па словах вытворцаў, будзе выдатна захоўвацца ў маразільніку. Яго можна парэзаць на невялікія кавалачкі, даставаць пры неабходнасці і размарожваць у мікрахвалевай печы.
8 / 16
Ваду для травяногаой гарбаты грэлі ў сапраўдным самавары.
9 / 16
Асаблівай папулярнасцю ў гасцей карысталася сырная крама - тут прапаноўвалі казіны сыр з куркумой, у вінаградных лісцях і з некалькімі відамі перцу.
10 / 16
Фермеры варылі каву і частавалі салодкімі прысмакамі ўласнай вытворчасці.
11 / 16
Уся ежа посная, таму што як раз цяпер ідзе Пятроўскі пост, якога прытрымліваліся нашы продкі.
12 / 16
Свята роднай ежы арганізавалі фуд-коуч Ксенія Вяцкая (на фота) і кандытар Серж Цівунчык.
13 / 16
Натуральныя прадукты можна было пакаштаваць абсалютна бясплатна, таму самыя хітрыя госці паспелі як след перакусіць.
14 / 16
На свята роднай ежы госці прыходзілі цэлымі сем'ямі, нават дзеці знайшлі сабе пачастунак па душы.
15 / 16
Праект "Пачастункі матусі" займаецца сезоннымі нарыхтоўкамі і цалкам адпавядае прынцыпам slow food.
16 / 16
Арганізатары зладзілі свята для душы - госці спявалі беларускія народныя песні, вадзілі карагоды і гулялі ў "Чарачку" і "Масток".