Традыцыйны абрад святкавання Купалля з варожбамі на нарачонага, карагодамі, пошукам квітнеючай папараці і ачышчэннем агнём прайшоў на Аўгустоўскім канале ўвечары 6 чэрвеня. Як ён прайшоў, глядзіце ў фотастужцы Sputnik.
Свята Івана Купалы з захаваннем старажытных славянскіх абрадаў праходзіла на полі ў вёсцы Чарток побач з Аўгустоўскім каналам.
"Мы вырашылі вярнуцца да вытокаў славянскай культуры і паказаць абрады, якія праводзілі ў купальскую ноч нашы продкі, акунуцца ў атмасферу радасці і весялосці", — распавяла арганізатар свята, мастацкі кіраўнік Гарадзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Любоў Ганевіч.
Паводле яе слоў, нашы продкі верылі, што падчас свята можна ачысціцца ад усяго злога, пазбавіцца ад негатыву. Тут дапамагалі і актыўныя гульні, падчас якіх людзі зараджаліся пазітывам на ўвесь год, і агонь вогнішча, якому заўсёды надавалі магічную сілу.
Свята Купалля ўмоўна падзялілі на некалькі пляцовак. На адной дзяўчыны і жанчыны зладзілі купальскі дзявочнік — плялі вянкі, запляталі косы, варажылі на суджанага і спявалі купальскія песні. Іншая пляцоўка з маладзецкімі забавамі больш даспадобы была мужчын. Самым вясёлым конкурсам сталі крапіўныя баі — камандныя і парныя. Мужчыны хвасталі адзін аднаго вялікімі венікамі з бярозавых і крапіўных галінак і вызначалі, хто самы ўстойлівы.
Сапраўднай прыгодай стаў пошук квітнеючай папараці. Для праўдападобнасці арганізатары схавалі сярод хмызняку яркую кветку, паабяцаўшы, што ў таго, хто яе знойдзе, споўніцца самае запаветнае жаданне.
Пасля карагодаў ля вогнішча ўсе накіраваліся да вады. Сюды прынеслі вялікую плеценую з папараці і дубовых і бярозавых галінак Ляльку Купалу. Але яе не спалілі, як пудзіла Масленіцы, а з песнямі тройчы акунулі ў ваду. Пасля дзяўчаты апусцілі вянкі з запаленымі на іх свечкамі.