МІНСК, 12 ліп — Sputnik. Каля 400 чалавек плануюць выйсці на старт чарнічнага марафону 22 ліпеня пад Полацкам, распавяла Sputnik начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Наталля Ганебная.
Гэта традыцыйнае свята — чэмпіянат па зборы чарніц — праводзяць у раёне ўжо ў восьмы раз.
"У нас 96 каманд па 4 чалавекі. А з улікам, што дзесьці паедзе не 4, а, можа быць, пяць чалавек, то мы разлічваем на 400 чалавек. І гэта нашмат больш, чым у мінулым годзе", — распавяла Ганебная.
Што тычыцца чарніц, ягада ў полацкіх лясах ёсць, нягледзячы на даволі гарачае сухое надвор'е. Добра будзе брацца, запэўніла Наталля Уладзіміраўна.
Каго чакаюць на старце
Афіцыйная назва фестывалю "Чарнічны Тeam building — 2018". Гэта значыць, у спаборніцтвах удзельнічаюць не сямейныя каманды-самавылучэнцы, а прадстаўнікі разнастайных прадпрыемстваў і арганізацый, якім прапануюць такім чынам умацаваць камандны дух калектыву.
Больш за 20 каманд выстаўляе сістэма адукацыі, 5 — установы культуры, а яшчэ бібліятэкі, арганізацыі сацсферы, сельсаветы, прадпрыемствы ЖКГ і прамысловасці. Каманда райвыканкама на старт выйдзе, але ў якасці арганізатара.
"Каманда райвыканкама арганізоўвае ўсё гэта. Мы ўжо сфарміраваная каманда. Начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў выканкама, якія курыруюць тыя ці іншыя арганізацыі, будуць каардынаваць удзельнікаў, разам з імі пойдуць у лес, будуць збіраць чарніцы, адпраўляць відэасправаздачы, падводзіць вынікі, узважваць і вызначаць пераможцаў у кожнай катэгорыі", — распавяла начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама.
Пераможцаў будуць вызначаць у кожнай катэгорыі, гэта значыць настаўнікі будуць спаборнічаць з настаўнікамі, прадстаўнікі сельсаветаў з калегамі. Уладальнікаў самага вагавага ўраджаю абяцаюць адзначыць прызамі.
Свята далёка не раённага маштабу
Акрамя ўласна збору ягад, у праграме чарнічнага фестывалю мноства іншых актыўнасцяў.
Пасля абеду на турбазе ААТ "Полацкбыт" у вёсцы Плуссы каманды пакажуць сваю фотасправаздачу пра збор ягад, прадставяць карнавальныя чарнічныя касцюмы. Тут жа пройдзе конкурс "Чарнічны бодзі-арт", розныя майстар-класы, выставы-дэгустацыі, інтэрактыўныя гульні.
Мяркуецца, што ўдзельнікі і госці сумеснымі намаганнямі рэалізуюць арт-праект "Чарнічнае пано", прымеркаваны да Года малой радзімы.
Што тычыцца сабранай чарніцы, то ёю ўдзельнікі спаборніцтва змогуць распарадзіцца па сваім меркаванні. Можна будзе забраць сабе, можна будзе здаць за грошы ці парадаваць гасцей.
"У гэты раз было вельмі шмат званкоў, прычым не толькі ад жыхароў нашага раёна, але і бліжэйшых раёнаў з пытаннем: "Калі ў вас будзе чарніца? Каб прыехаць і купіць". Гэта таксама добра! Гэта сведчыць аб тым, што мерапрыемства сябе зарэкамендавала, што гэтае мерапрыемства ўжо не раённага маштабу", — падкрэсліла Наталля Уладзіміраўна.