Народны кірмаш, майстар-клас па касьбе, дэгустацыя дамашняга піва і хлеба, яркія танцы і спевы чакалі гасцей фестываля народнай культуры "Пятровіца", які прайшоў у Мінскім раёне. На святкаванне патрапіў і карэспандэнт Sputnik.
Фестываль праходзіць ужо восьмы год запар напачатку ліпеня, калі праваслаўная царква шануе памяць Святых Пятра і Паўла. Узнавілі старадаўняе народнае свята па традыцыям продкаў у 2011 годзе ўдзельнікі моладзевай школы традыцыйнай народнай культуры "Пятровіца".
Кожны год сюды прыязджае шмат гасцей, каб адпачыць ад гарадскога тлуму і наталіцца некранутай беларускай прыродай.
Народнае свята Пятровіца вельмі падобнае да Купалля і прысвечана прыродзе, будучаму ўраджаю і каханню. У гэтым годзе фестывальныя забавы доўжыліся чатыры дні і ахапілі адразу некалькі вёсак — Пласток, Жораўкі і Шыпіловічы.
Усюды ўдзельнікаў спевамі і танцамі сустракалі мясцовыя калектывы. Акрамя традыцыйных майстар-класаў па танцах, мужчыны вучыліся касіць, а жанчыны — жаць сярпамі і вязаць снапы.
Асаблівае месца на свяце заўсёды займаюць народныя пачастункі. Пластоўскі квас, дамашняе піва ад "Дзямідкова бровара" і знакаміты хораўскі хлеб — гэта няпоўны спіс эксклюзіўнага меню на Пятровіцу.
Асноўны — чацвёрты — дзень свята пачаўся малебнам каля прыдарожнага крыжа і прадоўжыўся кірмашом каля мясцовага Дома культуры. Увечары незамужнія дзяўчаты адправіліся да мясцовага дуба, дзе плялі вянкі і вязалі на галінкі дрэва стужачкі з просьбамі сустрэць суджанага.
Увечары вяскоўцы распалілі вогнішча, каля якога замужнія жанчыны дзякавалі святым, прасілі добрага ўраджаю, сямейнага шчасця і кідалі ў агонь жменьку солі. Пасля гэтага адбыўся абрад блаславення незамужніх дзяўчат: жонкі абыходзілі маладзіц "змейкай" з абрадавай песняй.
Па павер'і Пятроў дзень — гэта апошняя магчымасць у годзе, калі незамужняя дзяўчына можа знайсці сабе пару. Дзяўчына магла аддаць свой вянок хлопцу, які ёй спадабаўся. Каб захаваць сваю сімпатыю, яны скакалі праз вогнішча і праводзілі святочны вечар разам.