МІНСК, 24 ліп — Sputnik. Каманда "МАЗ-СПОРТаўта" спыняе ўдзел у ралі-рэйдзе "Шаўковы шлях 2018", паведаміла ў аўторак прэс-служба "чырвоных зуброў".
Напярэдадні з-за моцных ліўняў, якія ператварылі трасу спецучасткаў літаральна ў балота, трэці этап быў адменены неўзабаве пасля яго старту. Многія гоншчыкі захраслі ў гразі, гэта здарылася як з экіпажамі КамАЗаў, так і з гоншчыкамі беларускай "стайні" — Сяргеем Вязовічам і Аляксандрам Васілеўскім. Арганізатары вырашылі залічыць гоншчыкам час фінішу на першай кантрольнай кропцы, што адкінула беларусаў у заліку грузавікоў далёка назад.
"Падчас праходжання 3-га этапу ў гонку адбылося ўмяшанне арганізатараў, якія ўнеслі карэктывы ў ход этапу, чым далі неабгрунтаваную перавагу асобным удзельнікам гонкі, а для экіпажа 302 (Сяргея Вязовіча — Sputnik) — дадатковую страту часу", — гаворыцца ў паведамленні каманды.
У "МАЗ-СПОРТаўта" падкрэслілі, што лічаць такія паводзіны арганізатараў парушэннем прынцыпаў сумленнай барацьбы.
"Чырвоныя зубры" ўдзельнічаюць у "Шаўковым шляху" з 2010 года, лепшым вынікам беларусаў стала трэцяе месца Вязовіча ў 2013 годзе.