Радыё

Бондар: у Год малой радзімы цікавасць да нацыянальнай культуры павысілася

Міністр культуры Беларусі Юрый Бондар пракаментаваў радыё Sputnik Беларусь падаўжэнне прэзідэнтам краіны Года малой радзімы да 2020 года і зацверджаны ўрадам комплекс мерапрыемстваў.
Sputnik

Год малой радзімы быў абвешчаны ў Беларусі ў 2018 годзе. Але ў чэрвені Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №247, паводле якога Год малой радзімы падоўжаны да 2020 года. Савет міністраў нашай краіны ў выкананне даручэння прэзідэнта зацвердзіў план мерапрыемстваў на гэтыя гады, які ўключае ў сябе 123 пункты і яшчэ вялікую колькасць падпунктаў. Запланаваны шэраг культурных падзей.

Урад вырашыў, што трэба рабіць у Год малой радзімы

"Падводзячы некаторыя папярэднія вынікі гэтага года, Міністэрства культуры можа сказаць, што цікавасць да нацыянальнай культуры павысілася. Нашы традыцыйныя рэгіянальныя мерапрыемствы, культурныя фестывалі атрымалі новы імпульс. Рэгіёны зараз выходзяць з шэрагам ініцыятыў па развіцці мерапрыемстваў на сваіх тэрыторыях. Мы вельмі станоўча ставімся да падаўжэння Года малой радзімы", — сказаў Бондар.

Акрамя таго, што ў краіне пройдзе вялікая колькасць навуковых, забаўляльных і культурных мерапрыемстваў, канферэнцый, акцый і сустрэч, у плане таксама работы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, двароў і падворкаў, догляд за месцамі пахаванняў, устаноўка памятных знакаў і скульптурных кампазіцый, а таксама комплекс мерапрыемстваў па паўторным увядзенні ў сельгасабарот невыкарыстоўваемых урадлівых зямель.

Каментар міністра культуры Беларусі Юрыя Бондара слухайце ў аўдыёзапісе радыё Sputnik Беларусь.