Будні камбайнера: яшчэ адзін аграблог з'явіўся ў Беларусі

Памочнік камбайнера Васіль Лемяшэўскі неўзабаве будзе настаўнікам, а пакуль падзарабляе на ўборачнай кампаніі.
Sputnik

МІНСК, 31 ліп — Sputnik. Беларускі памочнік камбайнера з Брэсцкай вобласці Васіль Лемяшэўскі завёў канал пра свае аграрныя будні на YouTube.

Уборачная кампанія працягваецца ў Беларусі. Акрамя афіцыйных зводак пра колькасць сабранага ўраджаю ад чыноўнікаў і з эфіраў тэлеканалаў, сачыць за ёй можна і ў маладзёжным фармаце — у інтэрнэце.

Так, Васіль Лемяшэўскі з Брэсцкай вобласці завёў свой канал на YouTube "Будні камбайнера". На сваіх відэа хлопец паказвае ход уборкі ўраджаю і беларускую пастараль, а таксама робіць агляды сельскагаспадарчай тэхнікі.

Як расказаў сам аўтар блога ў апісанні, кожнае лета ён працуе на машыне "GS10 Палессе". Дарэчы, гэта не асноўная праца, а хобі: неўзабаве Лемяшэўскі стане школьным настаўнікам.

Хоць пакуль у блогера не так шмат падпісчыкаў, некаторыя яго "агравідэа" збіраюць па некалькі тысяч праглядаў.

Неўзабаве, магчыма, "Будні камбайнера" чакае такі ж поспех, як і іншы вядомы аграблог — "Будні трактарыста". У гэтага канала практычна 90 тысяч падпісчыкаў і адданая армія фанатаў у сацыяльных сетках.