МІНСК, 3 жні — Sputnik. На перакладчыцкую прэмію імя Карласа Шэрмана ў гэтым годзе намінаваныя 32 кнігі, перакладзеныя з 15 моў свету на беларускую мову, паведамілі ў Беларускім ПЭН-Цэнтры.
У спісе перакладаў — іўрыт, лацінская, старабеларуская і іспанская мовы і такія кнігі як "Маем найбольшае самі" Францыска Скарыны, "Скрозь люстэрка, і што там убачыла Аліса" Льюіса Кэрала і "Знак чатырох" Артура Конан Дойла. Поўны спіс можна ўбачыць на сайце арганізатараў.
У прэміяльным працэсе сёлета ўдзельнічаюць кнігі 11 выдавецтваў, сярод якіх адно ўкраінскае і ўсе астатнія беларускія.
Выбіраць пераможцу будуць сярод перакладаў прозы, паэзіі і дзіцячай літаратуры. У склад журы ўвайшлі перакладчык і літаратуразнаўца Лявон Баршчэўскі, літаратуразнаўца і загадчыца кафедры замежнай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Ганна Бутырчык, паэтка і перакладчыца Аксана Данільчык, перакладчык, паэт і празаік Дзмітрый Плакс, літаратуразнаўца і выкладчыца Марына Шода.
Да ўдзелу ў конкурсе запрашаліся мастацкія кнігі, перакладзеныя на беларускую мову і выдадзеныя ў папяровым ці электронным выглядзе цягам 2017 года.
Прэмія за найлепшую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 годзе ў гонар беларускага перакладчыка Карласа Шэрмана. У першы год лаўрэатам прэміі стаў Якуб Лапатка за пераклад з фінскай мовы эпасу "Калевала", у 2017 — Андрэй Хадановіч за пераклады з французскай мовы вершаў Шарля Бадлера.